Беларуская Служба

Для журналіста Ігара Ільяша пракурор запатрабаваў 4 гады зняволення

13.09.2025 07:50
12 верасня адбылося чарговае пасяджэнне Мінскага гарадскога суда па справе журналіста Ігара Ільяша.
Ігар ІльяшФота: Радыё Свабода

Пракурор запатрабаваў 4 гады зняволення і 100 базавых адзінак штрафу, паведаміў на старонцы ў Facebook журналіст Сяргей Ваганаў, дзядуля жонкі Ігара Ільяша, палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай.

Ігара Ільяша абвінавачваюць па арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.

Аб яго затрыманні паведамілі праўладныя рэсурсы 22 кастрычніка 2024 года. З публікацый вынікала, што ён затрыманы за інтэрв'ю незалежным СМІ. Заяўлялася, што тым самым ён займаўся «садзейнічаннем экстрэмісцкім фарміраванням». Таксама сцвярджалася, што журналіст ажыццяўляў «збор дадзеных для замежных разведак – даваў каментары ўкраінскім выданням».

На відэазапісе сілавікоў Ільяш сказаў, што да ліпеня 2021 года зʼяўляўся штатным супрацоўнікам тэлеканала «Белсат», пасля гэтага стаў журналістам-фрылансерам. «На працягу гэтых гадоў я неаднаразова даваў інтэрвʼю розным медыям, у ліку якіх былі і рэсурсы, якія былі прызнаныя на тэрыторыі Беларусі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» ў той ці іншы час», – сказаў ён.

Журналіст асобна згадаў, што сярод замежных СМІ, якія да яго звярталіся па інтэрвʼю, былі ўкраінскія. У прыватнасці, на кантакт выходзіў «украінскі журналіст, які праводзіў расследаванне наконт магчымага ўдзелу беларускіх войскаў ва ўварванні ва Украіну». 

Жонка Ільяша Кацярына Андрэева ​​(Бахвалава) была затрымана разам са сваім аператарам Дарʼяй Чульцовай 15 лістапада 2020 года. Яна вяла прамы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі («плошча Перамен» – двор на вул. Чарвякова ў Мінску).

У лютым 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў журналістак вінаватымі ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак« (арт. 342 КК), і прыгаварыў да 2 гадоў пазбаўлення волі.

Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў Андрэеву да 8 гадоў пазбаўлення волі па ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Паколькі раней яна ўжо была прыгаворана да зняволення, шляхам частковага складання канчатковым пакараннем ёй прызначылі пазбаўленне волі на тэрмін 8 гадоў і 3 месяцы. Адлік вядзецца з моманту затрымання восенню 2020 года.

20 верасня 2022 года Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Андрэевай на рашэнне Гомельскага абласнога суда і пакінуў гэты прысуд у сіле. Разам з тым ВС адкарэктаваў фармулёўку абвінавачання – «выдача дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве» заменена на «шпіянаж».

У верасні таго ж года Чульцова выйшла на волю. Цяпер жыве ў Польшчы. 

вх