«Партыя «Народная Грамада» патрабуе неадкладнай і бескампраміснай рэакцыі ад беларускай і міжнароднай супольнасці ў сувязі са знікненнем нашага Лідара Мікалая Статкевіча», – чытаем у заяве, апублікаванай у тэлеграм-канале арганізацыі.
Яна нагадвае, што 11 верасня старшыня Партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч быў вывезены з месца ўтрымання і дастаўлены да мяжы праз пункт пропуску «Каменны Лог».
«Відэа- і фотафіксацыя паказваюць, што палітык заставаўся на нейтральнай паласе. Гэта пацвярджае в. а. старшыні партыі Яўген Вільскі. Сведчанняў аб тым, што Мікалая Статкевіча прымусова выводзілі ў бок Літоўскай Рэспублікі, не паступала. Адначасова з гэтым, паводле слоў Яўгена Вільскага, іх размова з Мікалаем Статкевічам адбывалася на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у прысутнасці супрацоўнікаў КДБ. Пасля размовы з Яўгенам Вільскім і адмовы перасякаць мяжу з Літоўскай Рэспублікай Мікалай Статкевіч заставаўся ў пункце «Каменны Лог» (Рэспубліка Беларусь). Далей інфармацыя аб месцазнаходжанні палітыка адсутнічае. Вядома, што Мікалай Статкевіч не пакінуў Рэспубліку Беларусь, але і дадому ён не вярнуўся», – чытаем у заяве.
Паводле прадстаўнікоў партыі, сапраўднасць фота- і відэаматэрыялаў пацверджана даступнымі онлайн-трансляцыямі з вэб-камер на пункце пропуску «Каменны Лог», дзе зафіксаваныя апошнія вядомыя моманты з Мікалаем Статкевічам.
Таму Партыя «Народная Грамада» настойліва патрабуе ад адпаведных органаў Беларусі абвяшчэння поўнай інфармацыі пра лёс Статкевіча, а таксама незалежнага і празрыстага расследавання з удзелам міжнародных інстытуцый па гэтай справе, свабоднага доступу да яго адвакатаў і сям’і ды гарантыяў фізічнай бяспекі палітвязня з беларускага боку.
«Мы заклікаем журналістаў, міжнародныя прадстаўніцтвы і ўсіх неабыякавых грамадзян не зачыняць вочы. Паведамленні пра месцазнаходжанне Мікалая павінны быць апублікаваныя не праз чуткі, а праз афіцыйныя каналы з доказамі. Час ідзе – кожная гадзіна мае значэнне», – чытаем у заяве Выканаўчай Рады партыі «Народная Грамада», змешчанай у тэлеграм-канале арганізацыі.
Між тым, як паведаміла «Наша Ніва» са спасылкай на «правераныя крыніцы», Мікалай Статкевіч быў вернуты ў папраўчую калонію ў горадзе Глыбокае, дзе ён знаходзіўся ў зняволенні апошнія два з паловай гoдa.
аз