Па дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна», па справе праекту «Беларускі Гаюн» затрымана як мінімум 50 чалавек – столькі чалавек былі ідэнтыфікаваныя праваабаронцамі. Па інфармацыі «Флагштока», толькі ў Гомельскай вобласці ўжо затрыманыя каля 250 чалавек. BGmedia паразмаўляла з крыніцай, блізкай да юрыдычнай дапамогі ў Беларусі, і даведалася пра рэальны стан спраў.
Па словах крыніцы, затрыманні па «Гаюне» пачаліся ў Гомельскай вобласці з сакавіка 2025 года, бо ў лютым заснавальнік праекту Антон Матолька заявіў аб спыненні яго працы пасля таго, як невядомыя ўзламалі чат-бот тэлеграм-канала, у які жыхары Беларусі дасылалі інфармацыю. Яна датычылася ў асноўным перамяшчэння ваеннай расійскай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі.
«Спачатку затрыманняў канкрэтна ў Гомелі і вобласці было мала, калі казаць пра вясну. Улетку сілавікі ўжо больш інтэнсіўна «адпрацоўвалі» насельніцтва – на адну юрыдычную кансультацыю магло быць да 10 спраў па «Гаюне», а працуе ў кансультацыях да 20 чалавек. Цяпер пачаўся проста кашмар – ГУБАЗ як быццам сарваўся з ланцуга, у Гомелі і вобласці за тыдзень затрымліваюць 8-10 чалавек», – распавяла крыніца.
Паводле яго слоў, найбольш інтэнсіўна затрыманні ідуць у Гомельскай і Брэсцкай вобласці. Менавіта ў гэтых абласцях найбольш «засвяціліся» расійскія войскі ў 2022-2023 гадах. У 2022-м з аэрадромаў Баранавіч, Зяброўкі і Мазыра ўзлятала баявая тэхніка, ляцелі ракеты ва Украіну.
Раней кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак паведамляў, што ў следчым ізалятары Брэста знаходзяцца каля 50 фігурантаў па справе «Гаюна».
«У Гомелі ўжо прайшлі суды па справе «Гаюна», практычна ўсе атрымалі пазбаўленне волі, толькі адзін чалавек атрымаў чатыры гады «хіміі» – абмежавання волі», – удакладніла крыніца BGmedia.
Сам стваральнік праекту Антон Матолька быў завочна асуджаны ў Беларусі і атрымаў па прысудзе суда 20 гадоў пазбаўлення волі.
«Уцяшальнага нічога не магу сказаць. Паводле маёй інфармацыі, затрыманняў па «Гаюне» будзе з часам толькі больш», – дадала крыніца.
Люстэрка/ав