Беларуская Служба

Генеральная пракуратура Беларусі хоча прызнаць ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй»

15.09.2025 14:39
Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб прызнанні Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту «экстрэмісцкай арганізацыяй». Пра гэта паведаміла ведамства на сваіх старонках у сеціве.
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэтbaj.media

Раней улады Беларусі называлі «экстрэмісцкімі» сацыяльныя сеткі навучальнай установы, якая ў свой час працавала на тэрыторыі Беларусі.

«ЕГУ, пазіцыянуючы сябе ў якасці беларускага ВНУ ў выгнанні, праводзіць мэтанакіраваную працу для дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнага становішча ў краіне, аказвае метадычную, арганізацыйную і фінансавую дапамогу прадстаўнікам радыкальных палітызаваных груповак і выкарыстоўваецца спецыяльнымі службамі некаторых сумежных дзяржаваў для нанясення стратаў інтарэсам Беларусі.

Дэклараваныя мэты – рыхтаванне беларускай моладзі да рэалізацыі заходніх сцэнароў трансфармацыі палітычнай сістэмы ў Беларусі, прасоўванне «альтэрнатыўных« трактовак гістарычных, культурных і іншых падзеяў, так званых дэмакратычных каштоўнасцяў, ідэяў «еўрапейскасці», – гаворыцца ў паведамленні Генеральнай пракуратуры.

ЕГУ заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе, але з 2004 году працуе ў Вільні, бо ў Беларусі ад установы адабралі ліцэнзію. Каля 80% цяперашніх студэнтаў ЕГУ – беларусы. Беларусаў шмат і сярод выкладчыкаў. Агулам ва ўніверсітэце каля 1500 студэнтаў і каля 100 выкладчыкаў.

Сайт і сацыяльныя сеткі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту прызнаў «экстрэмісцкімі» суд Цэнтральнага раёну Мінску 20 жніўня.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт напісаў пасля прызнання экстрэмісцкімі ягонага сайту і сацыяльных сетак уладамі Беларусі:

«Звяртаем вашу ўвагу, што экстрэмісцкімі прызнаныя канкрэтныя інфармацыйныя каналы ЕГУ. Навучанне ва ўніверсітэце, навукова-акадэмічная і ўсякая іншая дзейнасць, звязаная з ЕГУ, не можа быць прадметам правапарушэння», – заявілі ў ВНУ.

Свабода/ав