Беларуская Служба

Экс-журналіст «прэзідэнцкага пула» Дзмітрый Семчанка з'ехаў з сямʼёй з Беларусі Польшчу

17.09.2025 13:38
Былы супрацоўнік прэзідэнцкага пула, экс-палітвязень Зміцер Семчанка, які летам 2025 года выйшаў на волю пасля трох гадоў калоніі, зʼехаў з Беларусі са сваёй сямʼёй. 
 .
Дзмітрый Семчанка.Фота: Facebook

Дзмітрый Семчанка з сямёй  пераехаў у Варшаву.

«Цяпер мая сямʼя вымушана развітацца з Беларуссю. Спачатку я хацеў напісаць «пакідае«, але мы ніколі яе не пакінем, бо, як сказаў наш класік: «Кожны носіць сваё неба з сабой«. Ну, а мы трымаліся за родную зямлю, як маглі. За гэта давялося дорага заплаціць, але я адразу ведаў кошт, выбраны», – напісаў журналіст на сваёй старонцы ў Facebook.

Дзмітрый Семчанка таксама падкрэсліў,  што з калоніі ён выйшаў з «воўчым білетам» – у Беларусі ён не мог купіць сім-карту, застрахавацца або адкрыць банкаўскі рахунак.

«Маўчу ўжо пра магчымасць вярнуцца ў PR-сферу і маркетынг, чым я займаўся да арышту», — напісаў журналіст.

У 2020-м пасля сфальсіфікаваных выбараў ён пакінуў тэлеканал і далучыўся да акцый пратэсту. Журналісту прысудзілі 15 сутак за ўдзел у акцыі, на якой ён прысутнічаў яшчэ ў якасці журналіста АНТ.

У верасні 2022 года Семчанку зноў арыштавалі і абвінавацілі ўжо ў «распальванні варожасці». На яго пачалі крымінальную справу, па якой журналісту прысудзілі тры гады калоніі. Ён цалкам адбыў увесь тэрмін.

У Беларусі ў зняволенні цяпер 27 супрацоўнікаў медыя.

вх