Сёлета жыхары Віцебска сталі масава скардзіцца на даламітавы пыл з завода «Даламіт». Асабліва востра сітуацыя адчуваецца ў Рубе, дзе, паводле слоў мясцовых, пыл літаральна вісіць у паветры. Людзі скардзяцца на адсутнасць рэальных замераў.
Пасля росту незадаволенасці кіраўніцтва ААТ «Даламіт» паспрабавала супакоіць насельніцтва, арганізаваўшы адкрыты дыялог з жыхарамі мікрараёна і прадстаўнікамі экалагічнага камітэта. Улады спачатку запэўнівалі, што нарматывы выконваюцца, а потым увогуле сталі пагражаць адказнасцю за «дэзынфармацыю». Аднак дзясяткі ролікаў у TikTok вымусілі дзяржаўныя медыя і чыноўнікаў выбраць іншы тон у адносінах да жыхароў Рубы. Дзяржаўная газета ўпершыню сумленна піша, што пылаўтварэнне бачнае візуальна і кіраўніцтва змушана шукаць рашэнні праблемы. Падкрэсліваецца важнасць зніжэння сацыяльнага напружання ў мікрараёне Руба.
Для прадпрыемства гэта – пытанне рэпутацыі. Кіраўніцтва ААТ «Даламіт» запэўніла, што працуе над праблемай і што на прадпрыемстве будуць устаноўленыя фільтры. Аднак гэта адбудзецца не раней за 2026 год.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск