Беларуская Служба

Памёр былы палітвязень Валерый Цімашэнка. Яму было 42 гады

24.09.2025 17:10
Па звестках праваабаронцаў, мужчына адбываў пакаранне ў ВК № 15 у Магілёве і выйшаў на волю 3 ліпеня 2024 года.
-
Экс-палітвязень Валерый ЦімашэнкаФота: Instagram яго жонкі

Памёр былы палітвязень Валерый Цімашэнка, якога судзілі ў 2023 годзе за ўдзел у пратэстах і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Аб смерці мужа ў сваім Instagram-акаўнце паведаміла яго жонка Вера. Прычыну смерці мужа жанчына не назвала.

Праваабаронцы «Вясны» паведамлялі пра затрыманне Цімашэнкі ў студзені 2023 года. Яго абвінавачвалі па артыкулах 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і 361-4 КК (Садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці).

Прычынай стаў удзел у пратэстных маршах і інфармацыя, адпраўленая ў чат-бот аднаго з «экстрэмісцкіх фармаванняў».

У сакавіку таго ж года Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Цімашэнку да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Па звестках праваабаронцаў, Валеры адбываў пакаранне ў ВК № 15 у Магілёве. Мужчына выйшаў на волю 3 ліпеня 2024 года.

На сайце «Вясны» на ягонай старонцы стаіць пазнака «памілаванне / амністыя». Валерыю было 42 гады.
Як паведамляе «Люстэрка», развітанне з Валерыем пройдзе 25 верасня ў Мінску.

аз