У папярэдніх прагнозах рост ВУП у Беларусі ў 2025 годзе прагназаваўся спецыялістамі банка на ўзроўні 2,5%, цяпер ён ацэньваецца ў 1,7%, гэта значыць зменшыўся амаль на траціну. Перагледжаны і прагноз на 2026 год: у траўні ЕБРР ацэньваў рост ВУП у 2,5%, цяпер ён зніжаны да 2,3%.
«У студзені — ліпені 2025 года рэальны рост ВУП запаволіўся да 1,3% у гадавым вылічэнні, у асноўным у выніку скарачэння вытворчасці ў апрацоўчай прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Інфляцыя ў ліпені вырасла да 7,4%, што адлюстроўвае рост цэн на прадукты харчавання і паслугі. Улічваючы ўзмацненне залежнасці ад расійскай эканомікі і запаволенне росту ў Расіі, кароткатэрміновыя эканамічныя перспектывы выглядаюць неспрыяльнымі», — адзначае банк.
Зніжэнне росту ВУП на 0,2% (у параўнанні з травеньскім прагнозам) як у 2025, так і ў 2026 гадах (у абодвух выпадках з 1,5% да 1,3%) ЕБРР чакае ў Расіі.
Паводле звестак Белстата, ВУП Беларусі павялічыўся за студзень — жнівень 2025 года на 1,6% да аналагічнага перыяду 2024-га і ў бягучых цэнах склаў 180,1 млрд рублёў.
Паводле зацверджаных Лукашэнкам найважнейшых эканамічных прагнозных (дэ-факта — планавых) параметрах на 2025 год, рост ВУП павінен скласці 4,1%.
Крыніца: Позірк/юл