Беларуская Служба

У Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі

28.09.2025 09:12
У Гомелі вынеслі прысуд брату былога палітвязня Ігару Мачалаву.
.
Ілюстрацыя.Фота: Shutterstock.com/BRAINSTROM

У Гомелі суд па палітычным артыкуле асудзіў Ігара Мачалава, брата былога палітвязня Станіслава Мачалава, піша «Гомельская вясна».

Ігар Мачалаў прызнаны вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК, аднак што дакладна яму ставілася ў віну, пакуль невядома. Вядома толькі, што прысуд не прадугледжвае пазбаўлення волі — хутчэй за ўсё, у гэтым выпадку будзе яе абмежаванне.

Станіслава Мачалава судзілі ў студзені 2022 года. Яго абвінавачвалі ў «гвалце супраць прадстаўніка ўлады» і ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Станіслаў адбыў трохгадовы тэрмін у калоніі №22 пад Івацэвічамі і вызваліўся ў снежні 2023 года.

За «заклікі да нанясення шкоды Беларусі» асудзілі маладога супрацоўніка «Пеленга». Арцём Сямёнаў працаваў у Бюро мытна-ліцэнзійнага забеспячэння і экспартнага кантролю. Невядома, калі Сямёнаў быў арыштаваны, таксама невядомы прысуд і тое, у чым канкрэтна яго абвінавачвалі.

Вядома толькі, што Арцёма Сямёнава судзілі па абвінавачанні ў «дзеяннях, накіраваных на прычынення шкоды Беларусі» і ўнеслі ў спіс «тэрарыстаў», які стварае КДБ.

Крыніца: ПЦ «Вясна»/юл