Беларуская Служба

Мінкульт забараніў паказ спекталя ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек менш чым за суткі да прэм'еры

29.09.2025 15:29
Беларускі дзяржаўны тэатр лялек адмяніў спектакль «Сёстры Грым» Яўгена Карняга менш чым за суткі да прэмʼеры.
  .
Фрагмент афішы спектакля.puppet-minsk.by

Па афіцыйнай версіі спектакль быў адменены «па тэхнічных прычынах», аднак, паводле інфармацыі «Люстэрка», пастаноўку забараніла камісія Мінкульта.

Прэмʼера была прызначаная на 13 верасня, папярэдні паказ для камісіі адбыўся 12 верасня.

У анонсе спектакля было сказана, што ён – «пра тое, што значыць быць жанчынай, пра тое, што такое ўнутранае святло і каханне».

«Спектакль «Сёстры Грым» залучае гледачоў у таямнічы свет, дзе пачынаеш глядзець казку, якая раптам абарочваецца падрабязным даследаваннем жаночай душы. Сярод ценяў мінулага зʼяўляюцца тры ўвасабленні жаночай прыроды, тры ведзьмы. У кожнай – свая гісторыя. І кожная гатовая ёй падзяліцца. Рэальнасць пераплятаецца з фантазіямі. У яркіх, эмацыйных маналогах гераінь чуюцца не толькі сіла і абаянне, але і глыбокі боль. Гэтыя жанчыны не шукаюць апраўданняў – яны проста хочуць распавесці, як чакалі кахання, але яна так і не прыйшла», – гаварылася ў анонсе.

Яшчэ ў 2015 годзе рэжысёр Яўген Карняг паставіў у гэтым жа калектыве спектакль «Інтэрвʼю з ведзьмамі», заснаваны на казках братоў Грым. Ён ішоў да 2023 года, пакуль з тэатра не была звольнена адна з актрыс, якая там грала. Цяпер Карняг вырашыў паставіць на гэтым матэрыяле падобны спектакль.

Як адзначае «Люстэрка», старонку пра спектакль выдалілі з сайта тэатра замест таго, каб пакінуць яе і потым змясціць спасылку на яе ў раздзеле «Афіша». Гэта, паводле інфармацыі выдання, можа ўказваць на тое, што спектакль не пакажуць больш ніколі.

вх