Беларуская Служба

Ціханоўская заклікала Еўропу больш рашуча спрыяць вызваленню палітвязняў

02.10.2025 17:32
Святлана Ціханоўская заклікала Еўропу дзейнічаць рашуча, бо «паўмеры толькі натхняюць дыктатараў».
Святлана Ціханоўская падчас выступлення ў КапенгагенеКрыніца: Абя’днаны пераходны кабінет Беларусі

На саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці, які праходзіць у Капенгагене, кіраўнік Аб'яднанага пераходнага кабінету і беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская выступіла на прэс-канферэнцыі, адкрыўшы яе кароткай заявай. Пра гэта паведамляе прэс-служба Абя’днанага пераходнага кабінету.

«Хачу падзякаваць Даніі і Еўрапейскай палітычнай супольнасці за запрашэнне. Дыктатары, Пуцін і Лукашэнка, тут адсутнічаюць, – але голас беларускага народу гучыць. Беларусы заслугоўваюць еўрапейскай будучыні. Беларусь належыць Еўропе – і аднойчы мы станем паўнапраўным сябрам EPC і Еўрапейскага Саюзу.

Наша мэта зразумелая: не дапусціць, каб Расія зноў выкарыстоўвала Беларусь як плацдарм – супраць Украіны ці супраць Еўропы. Гэта азначае дэмантаж аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі, які стаў пагрозай для ўсяго кантыненту», – сказала яна.

Паводле Святланы Ціханоўскай, «разам з прэзідэнтам Трампам і яго камандай мы ўжо дамагліся вызвалення дзясяткаў палітвязняў, але 1300 застаюцца за кратамі».

«Мы вітаем намаганні ЗША, але Еўропа таксама павінна трымаць ціск, пакуль не будзе вызвалены кожны вязень і не скончацца рэпрэсіі. Адначасова Еўропа павінна падтрымліваць беларусаў – выдаваць візы, аказваць падтрымку грамадзянскай супольнасці і дапамагаць тым, хто цяпер фактычна без грамадзянства», – перакананая беларускі палітык.

Святлана Ціханоўская заклікала Еўропу дзейнічаць рашуча, бо «паўмеры толькі натхняюць дыктатараў». «Мы мусім аслабіць Расію, умацаваць Украіну і адкрыць акно для пераменаў у Беларусі. І я веру, што перамены ў Беларусі могуць стаць штуршком для пераменаў у Расіі», – сказала яна.

Палітык бярэ ўдзел у Саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці (EPC), які адбываецца з удзелам больш чым 50 лідараў еўрапейскіх краінаў. Яна ўжо сустрэлася з прэзідэнтам Літвы, канцлерам Германіі, прэзідэнтам Украіны і іншымі еўрапейскімі лідарамі.

вс