Беларуская Служба

Сьюзан Базілі, адвакатка па правах чалавека: Без міжнародных дзеянняў не будзе справядлівасці для тысяч ахвяр

03.10.2025 16:15
Міжнародная платформа падсправаздачнасці па Беларусі (IAPB) падрахавала даклад «Шляхі да адказнасці ў Беларусі: механізмы рэагавання на парушэнні правоў чалавека і міжнароднага крымінальнага права».
Аўдыё

Сьюзан Базілі, канадская адвакатка па міжнародных правах чалавека, дырэктарка Міжнароднага праекта па правах жанчын (IWRP) падкрэсліла, што ёсць шмат сведчанняў супраць уладаў Беларусі, але ў справе аднаўлення справядлівасці важная міжнародная салідарнасць: 

– Нягледзячы на нядаўняе вызваленне некаторых палітычных зняволеных, умовы ўтрымання якіх мы даследуем для нашай наступнай справаздачы, рэпрэсіі працягваюцца. Беларусь дэманструе поўнае нежаданне прыцягваць вінаватых да адказнасці. Чыноўнікі, датычныя да злоўжыванняў, не толькі атрымалі павышэнне і не былі прыцягнуты да адказнасці, але і былі адзначаныя дзяржавай. Адвакаты, якія абараняюць ахвяр, былі пазбаўлены ліцэнзіі, арыштаваныя або выгнаныя.

Ахвяры, як мы ведаем, не маюць бяспечнага шляху да правасуддзя ў сябе дома, Лукашэнка трымае судовую сістэму ў закладніках. Вось чаму роля міжнароднай супольнасці настолькі важная. І некаторыя дзяржавы ўжо прынялі меры: размова пра зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд, некаторыя ўнутраныя расследаванні ў адпаведнасці з універсальнай юрысдыкцыяй, мэтанакіраваныя санкцыі і дыпламатычны ціск, якія прывялі да вызвалення некаторых зняволеных.

У нашай справаздачы вылучаюцца дадатковыя меры: міждзяржаўныя судовыя працэсы ў Міжнародным судзе ААН за парушэнні Канвенцыі супраць катаванняў, пашыраныя справы аб універсальнай юрысдыкцыі ў нацыянальных судах, забеспячэнне невысылкі людзей з краіны, адсутнасць экстрадыцыі ў Беларусь, калі асобы рызыкуюць патрапіць пад палітычна матываваны пераслед і катаванні, а таксама эканамічная адказнасць, адсутнасць дзелавых сувязў з сіламі бяспекі, дзяржаўнымі прадпрыемствамі або прыватнымі ваеннымі кампаніямі, такімі як група Вагнера, якія, як мы ведаем, дзейнічаюць у Беларусі.

Без міжнародных дзеянняў не будзе справядлівасці для тысяч ахвяр. Ва ўсіх нашых справаздачах мы заклікалі дзяржавы-члены выкарыстоўваць усе магчымасці прыцягнення да адказнасці і дапамагаць у стварэнні падмурка для будучай свабоднай і незалежнай Беларусі, дзе пануюць праўда, справядлівасць і годнасць.

Адказнасць у Беларусі – гэта не толькі пытанне справядлівасці для ахвяр, але і пытанне міжнароднай бяспекі і даверу да вяршэнства закона ва ўсім свеце. Тыя ж самыя мадэлі рэпрэсій і ігнаравання правоў чалавека, якія мы назіраем у Беларусі, паўтараюцца і ў іншых кантэкстах.

Даклад Міжнароднай платформы падсправаздачнасці па Беларусі (IAPB) прадстаўляе ўсёабдымны агляд існуючых механізмаў для рэагавання на сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека і міжнароднага крымінальнага права ў Беларусі. У ім аналізуецца, якім чынам гэтыя парушэнні разглядаліся да гэтага часу, вылучаюцца асноўныя прабелы і прапануюцца практычныя крокі наперад.

Даклад для АБСЕ групы незалежных экспертаў па сітуацыі ў сферы правоў чалавека в Беларусі можна прачытаць ТУТ.

вх