Пасля доўгіх гадоў падрыхтоўкі і ўзгадненняў, падобна, нарэшце пачынаюць будаваць хуткасную чыгунку ў Нацыянальны аэрапорт Мінск, піша Blizko.by.
На сайце дзяржзакупак з'явіліся першыя тэндары на выкананне падрыхтоўчых работ для будаўніцтва.
Першы тэндар называецца «Выкананне работ па высяканні і перасадцы дрэў і кустоў па-за межамі паласы адводу чыгункі на аб'екце «Арганізацыя хуткасных пасажырскіх чыгуначных зносін Мінск — Гарадзішча — Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» — Нацыянальны аэрапорт Мінск. 1‑я чарга», перагон Калодзішчы — Гарадзішча».
Другі — «Выбар субпадраднай арганізацыі па вынасе сетак газазабеспячэння на аб'екце «Арганізацыя хуткасных пасажырскіх чыгуначных зносін Мінск — Гарадзішча — Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» — Нацыянальны аэрапорт Мінск. 1‑я чарга», перагон Калодзішчы — Гарадзішча».
Гэтыя работы плануюць пачаць ужо сёлета: высяканне дрэў трэба правесці да канца лістапада 2025-га.
Абодва тэндары праводзіць ААТ «Дарбудмантажтрэст», філіял «Будаўніча-мантажны цягнік №169 на станцыі Віцебск».
Мяркуецца, што чыгунка пройдзе па наяўным маршруце ад станцыі Мінск-Пасажырскі праз Калодзішчы да станцыі Гарадзішча, пасля якой у бок аэрапорта дабудуюць 18 кіламетраў новых чыгуначных пуцей. Працягласць маршруту складзе 41,8 кіламетра, арыенціровачны час у дарозе ад пачатковай станцыі да канцавой — 28‑30 хвілін.
У 2020‑2021 гадах праводзіліся грамадскія абмеркаванні па аб'екце, пасля паведамлялася пра праектаванне ў 2021‑2024 гадах.
вх