Зніклая спікер Каардынацыйнай рады (КР) Анжаліка Мельнікава супрацоўнічала з беларускімі спецслужбамі і была прыцягнутая да гэтага яшчэ да эміграцыі – такое меркаванне выказала маёр контрразведкі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы ў адстаўцы, супрацоўніца факультэта міжнародных адносін Беластоцкага ўніверсітэта, доктар Ганна Грабоўска-Сівец у праграме «Спецыяльны рэпартаж» у эфіры польскага тэлеканала TVP Info 5 кастрычніка, піша «Позірк».
Выпуск пад назвай «Аперацыя Мельнікава» быў прысвечаны яе знікненню.
«Мельнікава прайшла падрыхтоўку, былі пастаўлены вельмі канкрэтныя задачы. І гэтыя задачы яна выконвала на тэрыторыі Польшчы», – сказала Грабоўска-Сівец.
Узаемаадносіны з былым мужам, які свабодна прыязджаў да прадстаўніцы дэмакратычных сіл у Польшчу з Беларусі і вяртаўся назад, «былі формай сувязі», мяркуе Грабоўска-Сівец. Былы муж палітычнай дзеячкі знаходзіўся пад наглядам беларускіх спецслужб, перакананая яна.
«[Гэта] падтрымка пастаяннага кантакту, прыкрытая вельмі надзейнай легендай», – дадала Грабоўска-Сівец, маючы на ўвазе сустрэчы былога мужа Мельнікавай з іх дзецьмі.
«Гэта ідэальна ўпісваецца ў modus operandi, г.зн. спосаб дзеяння разведкі, і выдатна легендуе гэты кантакт, – працягнула экспертка. – Вельмі спецыфічныя абставіны знікнення Мельнікавай таксама можна патлумачыць мовай спецслужб – калі б я была заказчыцай, таксама б ужыла такія інструменты – крызіс са здароўем, знікненне грошай» (маецца на ўвазе сродкі, прызначаныя для ініцыятывы «Кіберпартызаны» і, паводле наяўнай інфармацыі, знятыя экс-спікерам КР з банкаўскага рахунку).
«Тое, што свайго агента мы абвінавачваем у злачынстве і правакуем сітуацыю, у якой ён уцякае, знікае недзе бясследна з гэтымі грашыма – гэта ідэальная легенда, вельмі папулярная <…> у спецслужбаў. Таму, на маю думку, тут усё выдатна складаецца», – падсумавала Грабоўска-Сівец.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка ў рэпартажы чарговы раз заявіў: ён не верыць, што Мельнікава была агентам спецслужбаў Мінска.
вс