Беларуская Служба

У справе знікнення Анатоля Котава з’явілася новая інфармацыя з Турцыі

07.10.2025 13:04
Анатоль планаваў вяртанне ў Варшаву: у яго быў зваротны білет, прызначаныя працоўныя сустрэчы і пры сабе — мінімум рэчаў.
Анатоль КотаўКрыніца: сацыяльныя сеткі

Кіраўнік Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці і калега Анатоля Котава Аляксандр Апейкін падзяліўся ў сваім блогу ў Facebook новымі дэталямі яго знікнення ў Турцыі.

Паводле афіцыйнай заявы турэцкай пракуратуры, пашпарт Котава быў адзначаны пры выездзе з краіны 21 жніўня праз порт Трабзон — нібыта а 18:35. Турэцкі бок сцвярджае, што выезд адбыўся добраахвотна. Аднак сваякі і калегі Котава ставяць гэта пад сумнеў. Паводле вынікаў незалежнага расследавання, Анатоль планаваў вяртанне ў Варшаву: у яго быў зваротны білет, прызначаныя працоўныя сустрэчы і пры сабе — мінімум рэчаў.

Асобную трывогу выклікае тое, што пасля часу, калі яго пашпарт быў нібыта адзначаны пры выездзе, Котаў яшчэ чатыры гадзіны заставаўся на сувязі — да 22:30 таго ж дня. У перапісцы не было ніякіх прыкмет небяспекі.

Іншыя нестыкоўкі ёсць і ў паведамленнях турэцкага інфармацыйнага агенцтва IHA. Яно апублікавала фота яго польскага дакументу (Dokument Podróżny), хоць Котаў уязджаў у Турцыю па беларускім пашпарце.

Паліцыя пазней паведаміла, што праз некалькі гадзін пасля прыбыцця Котаў нібыта паляцеў у Трабзон і выехаў з краіны морам. Аднак факты і супадзенні па часе ставяць гэтае тлумачэнне пад сур’ёзнае пытанне.

Сваякі і юрысты працягваюць дамагацца афіцыйнага тлумачэння ўсіх абставін знікнення.

нг