Ваяводскі адміністрацыйны суд у Беластоку ў аўторак адхіліў скаргу мігранта, якому Памежная варта адмовіла ў прыняцці заявы аб міжнароднай абароне. Суд прызнаў, што на мяжы з Беларуссю мае месца інструменталізацыя міграцыі і гібрыдная вайна, а прынятыя Польшчай нормы не парушаюць заканадаўства.
Суд разглядаў скаргу грамадзяніна Судана, прадстаўленага Хельсінкскім фондам па правах чалавека. У маі ён незаконна перайшоў мяжу з Беларуссю і хацеў падаць заяву аб міжнароднай абароне. На падставе дзеючых палажэнняў, якія ў асобных выпадках прыпыняюць права на атрыманне прытулку, Памежная варта адмовілася прыняць яго заяву.
Фармальна скарга датычыла дзеянняў каменданта памежнага паста ў Міхалове (Падляшскае ваяводства). Суд прызнаў, што аспрэчаныя дзеянні не парушаюць закона, а аргументы скаргі не ставяць пад сумнеў іх законнасць. У матывацыйнай частцы рашэння суд спаслаўся, між іншым, на паняцце інструменталізацыі міграцыі, замацаванае ў законе аб прадастаўленні замежнікам абароны ў Польшчы, якое было ўведзена падчас папраўкі ў лютым гэтага года.
Гаворка ідзе пра дзеянні дзяржавы, якая мяжуе з Польшчай, і мэтай якіх з’яўляецца парушэнне іншаземцамі мяжы з выкарыстаннем гвалту супраць памежнікаў і вайскоўцаў або з разбурэннем памежнай інфраструктуры, што можа прывесці да дэстабілізацыі ўнутранай сітуацыі ў Польшчы.
Суд адзначыў, што не аспрэчвае права замежніка звяртацца па міжнародную абарону, аднак падкрэсліў, што Польшча мае канстытуцыйны абавязак абараняць бяспеку дзяржавы і яе межы. Таму краіна не можа прыняць выкарыстанне Беларуссю права на атрыманне прытулку як інструменту стварэння рэальнай і доўгатэрміновай пагрозы.
Рашэнне суда не з’яўляецца канчатковым.
PAP/нг