Беларуская Служба

Анджэя Пачобута зноў на паўгода кінулі ў ПКТ

08.10.2025 08:02
Амаль увесь тэрмін зняволення журналіста ўтрымліваюць у памяшканні камернага тыпу ці штрафным ізалятары ў рэжыме інкамунікада.
Анджэй Пачобутtwitter.com/LukaszJasina

Палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута яшчэ 23 жніўня змясцілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) на шэсць месяцаў, то бок да лютага 2026 года, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Дакладна не вядома, ці знаходзіцца журналіст у адзіночнай камеры.

У верасні з Анджэям Пачобутам зноў на працяглы час перарывалася ліставанне. Праз што можна падазраваць, што ён быў у штрафным ізалятары, дзе вязням не дазваляюць нават лісты. Журналіст таксама не атрымлівае ні рэчавых, ні харчовых перадач, а ў ПКТ агулам урэзанае харчаванне.

Старшыня Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс пасля апошняй сустрэчы з Пачобутам у наваполацкай калоніі (23 верасня 2025 года) зазначала, што ён вельмі схудней і важыць 73 кілаграмы, што «крытычна мала».
Яна таксама паведаміла пра агульнае пагаршэнне здароўя палітзняволенага журналіста – высокі артэрыяльны ціск, прыступы арытміі. Таксама ў гутарцы з польскім выданнем Rzeczpospolita яна распавядала пра аперацыю па выдаленні язваў са скуры, якую нядаўна перанёс палітвязень.

Крыніца БАЖ удакладніла, што Пачобуту выдалялі фурункулы. Дакладна невядома, ці гнойную аперацыю рабілі ў шпіталі, ці ў медчастцы калоніі. Хутчэй за ўсё – у медчастцы, мяркуе крыніца.

Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года. Журналісту прад’явілі абвінавачанні паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі: арт. 361 – «Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» і арт. 130 – «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы».

У 2022 годзе КДБ унёс Анджэя Пачобута ў пералік асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
Суд над журналістам праходзіў у Гродзенскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. 8 лютага 2023 года суддзя Дзмітрый Бубенчык прыгаварыў Анджэя Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Пасля прысуду Пачобуту Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла прапускны пункт на мяжы з Беларуссю «Баброўнікі» (з беларускага боку «Бераставіца»).

Амаль увесь тэрмін зняволення Анджэя Пачобута ўтрымліваюць у памяшканні камернага тыпу (ПКТ) ці штрафным ізалятары (ШІЗА) у рэжыме інкамунікада. За час зняволення яму не дазволілі ніводнага спаткання з роднымі.

16 красавіка 2025 года Пачобут сустрэў за кратамі 52-годдзе.

аз

У Пачобута арытмія, гіпертанія, ён перанёс аперацыю – Анжаліка Борыс

02.10.2025 12:41
У лютым 2023 года суд прыгаварыў журналіста і актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Анджэя Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення свабоды ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.