У Мінску на аўкцыён выставілі 19 твораў мастацтва з арыштаванай калекцыі палітвязня Віктара Бабарыкі. Паводле звестак сайта «БелЮрЗабеспячэнне», 8 кастрычніка праходзяць таргі за 14 карцін, на якія ўжо знайшліся пакупнікі, паведамляе выданне «Зеркало».
Пачатковыя цэны твораў пачынаюцца ад 165 рублёў і дасягаюць 99,3 тысячы рублёў. Карціна Файбіша-Шрагі Царфіна «Вадаспад у лесе» (каля 1950 года) ацэненая ў 8276 рублёў, а за «Чырвоны замак» з пачатковай цаной 9931 рубель змагаюцца два ўдзельнікі. Найбольш дарагія карціны пакуль не выклікалі цікавасці. Агульная стартавая сума ўсіх твораў складае каля 344 тысяч рублёў.
Раней праз аўкцыёны прадалі іншую маёмасць Бабарыкі — зямельны надзел, аўтамабіль і гадзіннік. У Беларусі працягваецца распродаж маёмасці і іншых палітвязняў.
Паводле апошніх звестак, Віктар Бабарыка цяпер утрымліваецца ў калёніі №1 у Наваполацку і працуе ў пякарні.
эж