Маркетплэйсы стануць адказваць за прадаўцоў, кошты вырастуць, а доступ да папулярных пляцовак можа апынуцца пад забаронай, піша выданне «Беларусы і рынак».
Па факце за шырмай абароны правоў спажыўцоў дзяржава рыхтуецца ўстанавіць поўны кантроль над інтэрнет-гандлем.
Што зменіцца і як гэта адаб'ецца на пакупніках і бізнэсе?
Улады вырашылі пабудаваць сістэму поўнага кантролю над анлайн-рынкам. І нагода для гэтага знайшлася пераканаўчая: барацьба з кантрафактам.
Менавіта пад гэтым сцягам 7 кастрычніка ў Мінску прайшла панэльная сесія на XIII Міжнародным форуме «Антыкантрафакт-2025». Прадстаўнікі МАРГ, Еўразійскай эканамічнай камісіі і міністэрстваў краін ЕАЭС абʼявілі аб новым падыходзе да інтэрнэт-гандлю.
Па сутнасці, маркетплейсы перастаюць быць проста пляцоўкамі, ім трэба адказваць за ўсё, што прадаецца на іх тэрыторыі.
Новая мадэль анлайн-рынку
З лета 2025 года ў Беларусі ўжо дзейнічаюць абноўленыя правілы дыстанцыйнага гандлю. Цяпер пляцоўкі абавязаны прымаць электронныя скаргі пакупнікоў, размяшчаць поўныя даныя аб сабе і сваіх прадаўцах, сачыць за тым, каб на сайце не зʼяўляліся тавары без сертыфікатаў.
Калі раней маркетплейс мог прыкрыцца фармулёўкай «мы толькі пасярэднікі», то зараз ён адказвае як паўнавартасны ўдзельнік гандлю.
Наступны крок – указ, які абавяжа ўсе буйныя пляцоўкі, уключаючы замежныя, зарэгістравацца ў Гандлёвым рэестры і стварыць у Беларусі юрыдычную асобу. Без гэтага ім проста забароняць працаваць. А МАРГ атрымае права абмяжоўваць доступ да пляцоўкі пры «сістэматычных парушэннях».
Іншымі словамі, інтэрнэт-рынак, які дзесяцігоддзямі развіваўся стыхійна, ператвараецца ў кантраляваную сістэму з выразнай вертыкаллю адказнасці.
Пакупнік пад абаронай – ці пад наглядам
На першы погляд усё выглядае нават зручна. Больш не трэба шукаць, хто прадаў падроблены тавар: скаргу можна падаць проста праз сайт, а адказаць абавязаны сам маркетплейс. Зʼяўляецца гарантыя, празрыстасць, магчымасць вярнуць грошы.
Але ў медаля ёсць адваротны бок. Чым больш патрабаванняў, тым вышэй выдаткі, і бізнэс, як правіла, кампенсуе іх праз кошт. Тавары падаражэюць, выбар скароціцца. Невялікія прадаўцы, якім не па сілах юрысты, зборы і сертыфікацыя, сыдуць з рынку.
Замежным пляцоўкам, якія не жадаюць адкрываць філіялы, проста заблакуюць доступ з Беларусі. У выніку выйграе не спажывец, а буйныя гульцы, якім прасцей выканаць усе фармальнасці. І чым менш канкурэнцыі, тым вышэй кошты і менш свабоды выбару.
Дзяржаўны кантроль пад маскай «якасці»
За лозунгамі аб бяспецы і абароне правоў хаваецца шырэйшая мэта – татальная легалізацыя і кіравальнасць электроннага гандлю. Кантрафакт сапраўды існуе, але дужанне з ім ператвараецца ў прыладу цэнтралізацыі.
Дзяржава атрымлівае празрыстасць і падаткі, буйныя маркетплэйсы – манаполію. А звычайныя карыстальнікі – упарадкаваны, але ўжо не свабодны рынак. Інтэрнэт-гандаль усё менш нагадвае прастору даверу і ініцыятывы, а ўсё больш рэгуляваную вітрыну, дзе кожны крок прапісаны інструкцыяй.
вх