Беларуская Служба

У Беларусі — антырэкорд па нараджальнасці. Эканамістка расказала, наколькі драматычная сітуацыя

19.10.2025 15:20
Пытанне не ў эканоміцы і не ў заканадаўстве - яно глыбей, у каштоўнаснай і інфармацыйнай плоскасці.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock/Andrii Yalanskyi

Беларускі нараджаюць усё менш дзяцей - сёння на адну жанчыну прыпадае ў сярэднім усяго 1,1 дзіцяці. Пра гэта расказала эканаміст, кандыдат эканамічных навук, дацэнт, дырэктар Цэнтра чалавечага развіцця і дэмаграфіі Інстытута эканомікі НАН Анастасія Баброва, піша smolevichi-24.by.

Эканамістка адзначыла, што нізкая нараджальнасць - гэта адно з найбольш вострых пытанняў. Усяго па краіне сумарны каэфіцыент нараджальнасці складае 1,1, а ў Мінску - усяго 0,6. Гэты паказчык паказвае, колькі дзяцей у сярэднім нараджае адна жанчына за ўсё сваё жыццё. Гэта значыць, у цэлым па Беларусі на адну жанчыну прыпадае 1,1 дзіцяці, а ў сталіцы 0,6.

Гэта ніжэй, чым у краінах з аналагічным узроўнем урбанізацыі, адзначыла Анастасія Баброва. Напрыклад, у Вялікабрытаніі паказчык - 1,4.

Паводле яе слоў, у той час, як у сталіцу актыўна едзе моладзь, гэта не прыводзіць да росту нараджальнасці. Аналітык звязвае гэта з тым, што пытанні не ў эканоміцы і не ў заканадаўстве - яны глыбей, у каштоўнаснай і інфармацыйнай плоскасці.

Пры гэтым нізкія дэмаграфічныя паказчыкі непазбежна паўплываюць на эканоміку ў будучым, падкрэсліла Анастасія Баброва. Калі тэндэнцыі захаваюцца, у працаздольны ўзрост будуць уваходзіць малалікія пакаленні, і пенсійная нагрузка ўзрасце. Гэта можа прывесці да дэфіцыту рэсурсаў і сацыяльнай нестабільнасці.

Па словах эканамісткі, для простага ўзнаўлення трэба 2,4 дзіцяці на жанчыну. У Беларусі гэты паказчык ніжэйшы ўжо больш за 20 гадоў.

"Зеркало" нагадвае, што сёлета Белстат упершыню пасля доўгага перапынку апублікаваў даныя па нараджальнасці і смяротнасці за 2024 год. Па афіцыйных дадзеных, у 2024 годзе ў Беларусі нарадзілася 58938 дзяцей. Гэта гістарычны антырэкорд. Пры гэтым, інфармацыю за 2020, 2021, 2022 і 2023 гады Белстат па невядомай прычыне "прапусціў" (аднак яна вядомая з уцечак Міністэрства аховы здароўя).

нг