Штодня ў пунктах пропуску на мяжы Беларусі з Еўрасаюзам сілавікі правяраюць тэлефоны, праводзяць допыты і затрыманні. Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што 16 кастрычніка пры вяртанні з Польшчы сілавікі затрымалі беларуску. Яе знялі з рэйсавага аўтобуса. Таксама працягваюцца масавыя допыты ўкраінцаў.
Журналісты BGmedia вывучылі паведамленні карыстальнікаў прыгранічных тэлеграм-чатаў за мінулы тыдзень і пачатак гэтага, у якіх людзі расказваюць пра праверкі тэлефонаў і допыты на беларускай мяжы (арфаграфія і пунктуацыя выпраўлены з захаваннем сэнсу, частку паведамленняў скарочана).
У чатах таксама адзначаецца, што допыты адбываюцца і пры выездзе з Беларусі. Напрыклад, 13 кастрычніка:
«У 12:30 выезд з Мінска, аўтобус амаль поўны, дзве гадзіны на беларускай мяжы чакалі мужыка з “беседы”. Нас абагнаў Гомель — Вільнюс. На літоўскай [мяжы] сумкі праз сканер, нічога не забіралі. У 17:03 выехалі ў Вільнюс».
Таксама на мінулым тыдні ў чатах пісалі, што пры ўездзе ў Беларусь некаторых людзей здымалі з аўтобусаў. Што з імі далей — невядома:
«Толькі што выехалі з мяжы [14 кастрычніка, аўтобус Вільнюс — Мінск]. Праз дзве гадзіны ў Мінску. Кагосьці знялі з аўтобуса».
«Каўнас — Вільнюс — Мінск, 17 кастрычніка. У 23:43 аэрапорт. У 00:46 выехалі ад літоўцаў. У 01:10 пачалі праходзіць РБ. У 4:00 выехалі… Дзве гадзіны стаялі, чакалі, пакуль адпусцяць некалькі чалавек, нібыта двух у выніку знялі. У 6:00 былі на вакзале».
Карыстальнікі адзначаюць, што «беседы» займаюць шмат часу, бо пакуль людзей дапытваюць, пасажыры аўтобусаў чакаюць:
«Выехалі з Варшавы ў 18:55 [14 кастрычніка]. Заехалі на беларускую мяжу ў 01:50. Прайшлі ў 02:28. Крыху затрымаліся — двух забралі на допыт».
«У 00:15 прайшлі палякаў [17 кастрычніка]. У 01:35 зайшлі на кантроль да беларусаў. У 02:10 прайшлі кантроль і чакаем людзей з “размоў”. У 03:45 выехалі з мяжы».
«РП — РБ, 17 кастрычніка. У 13:30 шлагбаўм РБ, не пашанцавала з чаргой, перад намі барыг дакладна даглядалі + на размову выклікалі. За гэты час машын 8 праехала на агляд, якія за мной былі. У 15:30 уехалі ў РБ».
«РП — РБ, 17 кастрычніка. У 22:49 заехалі да беларусаў. У 23:46 прайшлі беларусаў. У 00:42 прыйшлі людзі з “бесед”, выехалі».
«У 00:30 [18 кастрычніка] мы заехалі да палякаў за шлагбаўм. У 05:00 скончылі ўсе памежна-мытныя працэдуры на беларускай баку. Да 06:00 яшчэ чакалі траіх пасажыраў з “беседы”. Усяго 8 гадзін».
«РП — РБ, 19 кастрычніка. У 08:53 пад’ехалі да беларусаў. У 09:00 усіх на пашпартны і на рэнтген. Сумкі глядзелі ўручную. Трох адправілі на “беседу”. У 11:10 выехалі ад беларусаў. Усяго на абедзве межы — 2 гадзіны 55 хвілін».
«РП — РБ, 19 кастрычніка. У 21:30 з “беседай” і мытняй прайшлі беларусаў. Мытня паглядзела хутка. Усе рэчы на стол. Зялёны канал».
«РП — РБ, 20 кастрычніка. У 22:40 прайшлі палякаў. У 01:30 пашпартны РБ. Пыталі ў кожнага, колькі грошай вязе, большасць сумак праз сканер, выбарачна ў чатырох поўны дагляд чамаданаў. Наступны аўтобус усіх даглядалі, але не вельмі дакладна — сканер зламаўся. Чакалі людзей з дэкларацыямі і з “бесед”. У 03:30 выехалі з мяжы».
На мінулым тыдні ў чатах часта паведамлялі пра допыты грамадзян Украіны на мяжы Беларусі. Некаторых не ўпускалі ў краіну:
«Аэрапорт Вільнюса — Мінск, 16 кастрычніка на 23:15. Выехалі ў 23:30. У 01:40 ужо ўсе прайшлі беларускую мяжу, але стаялі да 03:20, бо траіх украінак знялі з рэйса. У выніку ў Мінску ў 05:15. Вадзіцель сказаў, што да гэтага з іншага аўтобуса знялі шэсць украінцаў, таму затрымкі па дзве гадзіны…».
«Учора [18 кастрычніка] каля 22:00 ехалі з Варшавы ў Мінск праз Каменны Лог. Дастаткова шмат украінцаў у аўтобусе. Усім паставілі адмову, незалежна ад полу і ўзросту. У некаторых было і расійскае грамадзянства».
Карыстальнікі таксама адзначаюць, што допыты ўкраінцаў у лепшым выпадку займаюць гадзіну, і людзі гэтым абураныя:
«Вільнюс — Мінск, 15 кастрычніка. У 00:15 выехалі з Літвы. Нашых прайшлі каля 02:00. Былі і грамадзяне Украіны — доўга чакалі іх з “беседы”, і рэнтген не адразу прайшлі. У 04:30 былі ў Мінску».
«Вільнюс — Мінск, 16 кастрычніка. У 10:45 пад’ехалі да пашпартнага РБ, 2 аўтобусы наперадзе, грамадзян Украіны папрасілі на выхад. У 10:55 пайшлі на пашпартны і мытны кантроль, усе рэчы праз сканер, нават маленькія сумкі. У 13:00 выехалі з мяжы — чакалі грамадзян Украіны з “беседы”».
«Вільнюс — Мінск, 18 кастрычніка. На мяжы праз украінца стаялі 3 гадзіны».
Грамадзяне Украіны ведаюць, што іх суайчыннікаў дапытваюць на беларускай мяжы, таму цікавяцца падрабязнасцямі «бесед»:
«Добры дзень, падкажыце, калі ласка, наколькі жорстка ўкраінцам правяраюць тэлефоны? Галерэю, перапіскі? Што можа не на руку адыграць?»
«Правяраюць. Жорстка ці не — залежыць ад вашай рэакцыі на пытанні і ад таго, што ўбачаць у тэлефоне. Ну і ад агульнага ўражання. Пенсіянерку-інвалідку, хутчэй за ўсё, прапусцяць з мінімальным даглядам, а калі едзе група мужчын прызыўнога ўзросту — могуць сур’ёзна дапытваць».
«На беларускай мяжы будуць глядзець тэлефон і будзе “беседа”».
«Калі пройдзеце фільтрацыю станоўча, то без праблем».
«А калі ёсць яшчэ ўнутраны расійскі пашпарт?»
«Усё роўна будзе “беседа” і будуць глядзець тэлефон».
нг