Беларуская Служба

У базу «Міратворца» дадалі беларускага спевака, які спытаў з акупаванага Крыма, ці «зашквар» ездзіць туды

22.10.2025 16:20
На сайце публікуецца інфармацыя пра меркаваных «прарасійскіх тэрарыстаў, сепаратыстаў, наймітаў, ваенных злачынцаў і забойцаў».
У базу «Міратворца» дадалі беларускага спевака Віталя Артыста myrotvorets.center

Франтмена і стваральніка беларускага гурта «Без Білета» Віталя Артыста ўключылі ў базу ўкраінскага сайта «Міратворац», дзе публікуецца інфармацыя пра меркаваных «прарасійскіх тэрарыстаў, сепаратыстаў, наймітаў, ваенных злачынцаў і забойцаў», паведамляе «Люстэрка».

Музыка трапіў у пералік 19 кастрычніка за «публічную падтрымку расійскай агрэсіі і забойстваў грамадзян Украіны», «замах на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны«, а таксама «свядомае парушэнне дзяржаўнай мяжы Украіны з мэтай пранікнення на яе тэрыторыю».

«Цэнтр «Міратворац« просіць праваахоўныя органы разглядаць дадзеную публікацыю на сайце як заяву аб здзяйсненні гэтым грамадзянінам усвядомленых дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі Украіны, міру, бяспекі чалавецтва і міжнароднага правапарадку, а таксама іншых правапарушэнняў», – удакладняецца ў подпісы пад карткай Віталя ў базе.

Раней музыкант выклаў у TikTok ролік, дзе расказаў пра паездку ў Крым. Ён растлумачыў выбар накіравання ў тым ліку цяжкасцямі падарожжа ў Еўропу і пацікавіўся ў падпісчыкаў, ці не «зашквар» ездзіць на акупіраваны Расіяй паўвостраў.

аз

Ва Украіне ўключылі двух беларускіх атлетаў у спіс для ўвядзення санкцыяў і забароны ўдзелу ў турнірах

20.10.2025 12:01
Цяпер на падставе гэтай інфармацыі Міністэрства моладзі і спорту Украіны будзе дабівацца забароны ім удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах.