Беларуская Служба

ЕС уключыў у санкцыйны спіс тры беларускія арганізацыі, тры банкі і дзве фізічныя асобы

23.10.2025 12:54
Еўрасаюз прыняў 19-ы пакет санкцый супраць Расіі, у які таксама трапілі беларускія фізічныя і юрыдычныя асобы.
Сцягі Еўрасаюзафота: pixabay.com/CC0 Public Domain

У 19-м санкцыйным пакеце Еўрапейскага Саюза супраць Расіі фігуруюць дзве фізічныя асобы і тры кампаніі з Беларусі, вынікае з дакумента, апублікаванага 23 кастрычніка ў афіцыйным журнале ЕС. Пра гэта паведамляе «Позірк».

У спіс уключаныя старшыня «Белнафтахіма» Ілля Ікан, які, як лічаць у ЕС, «атрымлівае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае яго».

«Белнафтахім», паводле аргументацыі ўключэння ў пералік, «прадстаўляе сабой асноватворны актыў для беларускай эканомікі і знешняй палітыкі, у прыватнасці, у кантэксце супрацы паміж Расіяй і Беларуссю ў развіцці агульнага рынку нафты», «карыстаецца падтрымкай рэжыму Лукашэнкі, асабліва ў сувязі з наступствамі санкцый».

Спіс таксама папоўніў генеральны дырэктар холдынгу «Гарызонт» Юрый Прадко. У ЕС адзначылі, што дзейнасць холдынгу «ажыццяўляецца на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі».

«Кампанія распрацоўвае і вырабляе прадукцыю спецыяльнага і падвойнага прызначэння, напрыклад, відэаназіральныя прылады для бранятанкавай тэхнікі, (…) супрацоўнічае з Міністэрствам абароны», – гаворыцца ў дакуменце. Канстатуецца, што «такім чынам Прадко звязаны з арганізацыямі, якія ўваходзяць у абаронна-прамысловы комплекс Беларусі, удзельнічаючы ў распрацоўцы вайсковай тэхнікі і абсталявання».

У пералік уключаны непасрэдна сам холдынг «Гарызонт», які «падтрымлівае рэжым Лукашэнкі» і «звязаны з Інстытутам лічбавага тэлебачання «Гарызонт», што ўваходзіць у беларускі абаронна-прамысловы комплекс, у тым ліку ўдзельнічаючы ў распрацоўцы вайсковай тэхнікі і ўзбраення».

Асобна ў спіс унесенае згаданае навукова-даследчае прадпрыемства «Інстытут лічбавага тэлебачання «Гарызонт», якое «распрацоўвае і вырабляе прадукцыю спецыяльнага і падвойнага прызначэння, у тым ліку відэаназірання для бранятанкавай тэхнікі», супрацоўнічае з Мінабароны «ў стварэнні і мадэрнізацыі палігоннага абсталявання ў адпаведнасці з патрабаваннямі Узброеных сіл», «удзельнічае ў навукова-тэхнічнай праграме «Інтэлаўта», скіраванай на стварэнне высокатэхналагічнай лічбавай і электроннай кампанентнай базы і сістэм для транспартных сродкаў спецыяльнага і падвойнага прызначэння.

Яшчэ адна новая арганізацыя ў санкцыйным пераліку – ЗАТ «Галаграфічная індустрыя», чые ахоўныя галаграфічныя налепкі «наносяцца на акцызныя маркі, у тым ліку на алкагольную прадукцыю, шырокі асартымент спажывецкіх тавараў, кантрольна-касавыя апараты і гульнявыя аўтаматы». Кампанія, як сцвярджаецца, «мае шчыльныя працоўныя стасункі з дзяржаўнымі структурамі» і «атрымлівае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі».

Абмежавальныя меры ўведзеныя «ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі і ўдзелам Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны».

У 19-ы пакет санкцый ЕС супраць РФ унесеныя таксама тры беларускія банкі – «Альфа-Банк (Беларусь)», «Сбер Банк (Беларусь)», «Банк ВТБ (Беларусь)», абмежавальныя меры ў дачыненні да якіх набудуць моц 2 снежня. Пры гэтым у дакуменце фігуруюць яшчэ два – Банк «БелВЭБ», «Белгазпрамбанк», якія трапілі пад санкцыі сёлета ў лютым.

вс