Беларуская Служба

За трыццаць год Беларусь страціла амаль палову сваіх школаў

24.10.2025 14:30
Колькасць адукацыйных устаноў скарачаецца хутчэй, чым змяншаецца колькасць дзяцей.
 .
Ілюстрацыйнае фота.mir.baranovichi.edu.by

За трыццаць год Беларусь страціла амаль палову сваіх школаў. У 1994 годзе іх было 4973, а да 2024-га засталося 2848 – мінус 43%, звярнулі ўвагу на дадзеныя Белстата аўтары праекту «Вашы грошы».

Дзіцячых садоў таксама стала менш: колькасць упала з 4693 да 3721, гэта значыць на 21%. 

«Так, нараджальнасць знізілася, але дэмаграфіяй усё не растлумачыць. Сетка адукацыйных устаноў скарачаецца хутчэй, чым змяншаецца колькасць дзяцей. І гэта датычыцца не толькі вёсак, з якіх з'язджаюць сем'і, але і гарадоў, дзе бацькі гадамі чакаюць месца ў дзіцячы садок або вымушаны вазіць дзяцей праз паўгорада», звяртаюць увагу аўтары праекта.

Што тычыцца дэмаграфіі, то сітуацыя з нараджальнасцю ў Беларусі стабільна пагаршаецца. І ў 2024 годзе нараджальнасць была на гістарычным мінімуме - у краіне нарадзілася 59 тысяч дзяцей. Гэта самы нізкі паказчык з 1950 года, калі ў краіне пачалі адсочваць гэтыя статыстычныя дадзеныя.

вх