Чарга ў Літаратурны музей Петруся Броўкі расцягнулася амаль на паўтара года, расказалі ў Instagram-акаўнце ўстановы. Tochka.by тлумачыць, чаму сотні людзей так жадаюць патрапіць туды.
Канешне, прыйсці і паглядзець базавую экспазіцыю можна амаль у любы дзень. Яна даволі цікавая, а ўваходны білет каштуе зусім няшмат.
Тым больш, будынак з'яўляецца не проста музеем, а кватэрай пісьменніка і паэта, дзе ён пражыў амаль 30 гадоў. Размешчана яна ў сэрцы сталіцы па адрасе: вул. Карла Маркса, 30.
Працуе музей з аўторка да нядзелі з 10:00 да 19:00. Аднак патрапіць туды можна і пасля 19:00. Праўда, толькі два разы на тыдзень і зусім нямногім.
Незабыўнае спатканне
Але галоўнае - магчымасць пасядзець за сталом ля акна з адным з лепшых відаў на Мінск. Акрамя персанальнай экскурсіі, наведвальнікам абяцаюць незабыўны вечар у цэнтры сталіцы. Пачастуюць духмяным чаем, з сабой можна прынесці дэсерт (алкаголь забаронены). За паслугу трэба дадаткова заплаціць 80 рублёў.
Менавіта за такім атмасферным спатканнем і расцягнулася доўгая чарга. Хаця першапачаткова супрацоўнікі музея не планавалі ўводзіць такую паслугу.
Ідэя ўзнікла ў 2017 годзе на Дзень святога Валянціна. Пару, якая перамагла ў святочным конкурсе, запрасілі на рамантычную сустрэчу.
нг