Беларуская Служба

Шматдзетная маці Юлія Лаптановіч выйшла на свабоды і эмігравала

27.10.2025 19:14
Юлія Лаптановіч і яе муж Ігар – пружанскія актывісты, якія выхоўваюць траіх дзяцей.
Юлія і Ігар Лаптовічыздымак з сайту Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Маці траіх дзяцей Юлія Лаптановіч выйшла на свабоду. Інфармацыя пра гэта змяшчаецца на сайце Праваабарончага цэнтру «Вясна», паведамляе «Позірк». На партале таксама пазначана, што жанчына пакінула Беларусь.

У ліпені 2022 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў Лаптановіч да 5 гадоў пазбаўлення свабоды паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 366 (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак), арт. 188 (паклёп), арт. 203 (незаконныя дзеянні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных), арт. 389 (пагроза ў дачыненні да суддзі або народнага засядацеля).

Пазней Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу на прыгавор і скараціў тэрмін пакарання да 4 гадоў 9 месяцаў зняволення.

Юлія Лаптановіч і яе муж Ігар – пружанскія актывісты, якія выхоўваюць траіх дзяцей.
4 жніўня 2021 года іх асудзілі па «справе аб карагодах» – самай масавай у гісторыі Беларусі крымінальнай справе. 13 верасня 2020 года ў Брэсце ўдзельнікі акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў перакрылі рух транспарту на скрыжаванні бульвараў Касманаўтаў і Шаўчэнкі з праспектам Машэрава, спявалі песні і вадзілі карагоды. Пратэстоўцаў разагналі з дапамогай вадамёта, а неўзабаве распачалі крымінальную справу, якую мясцовыя называюць «карагоднай».

У рамках «справы аб карагодах» Ігара Лаптановіча прыгаварылі да 2,5 года калоніі (выйшаў на свабоду ў чэрвені 2023 года), яго жонку – да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

13 кастрычніка 2021 года дома ў Лаптановіч прайшоў ператрус, жанчыну затрымалі ў рамках новай крымінальнай справы.

У студзені 2025 года стала вядома, што Брэсцкі абласны суд пачаў разглядаць яшчэ адну справу Лаптановіч. Яе абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Рашэнне суда невядомае.

вс