Беларуская Служба

У Беларусі могуць абмежаваць доступ да замежных маркетплейсаў

04.11.2025 11:01
Згодна з інфармацыяй МАРГ Беларусі, у 2024 годзе частка інтэрнэт-гандлю ў рознічным тавараабарачэнні склала амаль 12 %, што ў два разы перавысіла паказнікі 2022 году.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Pexels/pixabay.com/CC0 Public Domain

Намесніца міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Беларусі Святлана Караткевіч паведаміла аб падрыхтаваным праекце ўказу, які будзе рэгуляваць дзейнасць маркетплейсаў у Беларусі.

Як паведаміла выданне «Рэспубліка», адным з ключавых патрабаванняў будзе ўключэнне звестак аб маркетплейсе ў Гандлёвы рэестр, як гэта прадугледжана ўжо для ўласнікаў інтэрнэт-крамаў, аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, гандлёвых цэнтраў і рынкаў.

Апроч таго, калі ўласнік інтэрнэт-пляцоўкі замежная юрыдычная асоба або грамадзянін, то яны абавязаныя будуць стварыць у Беларусі арганізацыю або філіял замежнай арганізацыі, звесткі аб якой будуць уключаць у Гандлёвы рэестр.

«МАРГ будзе мець кампетэнцыю выносіць рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-пляцоўкі пры выяўленні нашымі спецыялістамі [...] фактаў невыканання ўласнікамі інтэрнэт-пляцоўкі прадугледжаных указам патрабаванняў. Парадак прыпынення і аднаўлення працы вызначыць урад», – сказала Святлана Караткевіч.

Прапануюць увесці забарону на дзеянні, якія «абмяжоўваюць канкурэнцыю, шкодзяць правам, свабодам і законным інтарэсам гульцоў рынку і спажыўцоў, а таксама ствараюць дыскрымінацыйныя ўмовы». Усе маркетплэйсы абавяжуць прымаць назад няякасныя тавары і адказваць за шкоду, нанесеную праз размяшчэнне непраўдзівай інфармацыі пра тавар.

Згодна з інфармацыяй МАРГ Беларусі, у 2024 годзе частка інтэрнэт-гандлю ў рознічным тавараабарачэнні склала амаль 12 %, што ў два разы перавысіла паказнікі 2022 году.

Свабода/ав