Беларуская Служба

Урад Беларусі запланаваў на 2026 год больш штрафаў і канфіскацыяў маёмасці

06.11.2025 17:00
Паступленняў ад канфіскацыі маёмасці ўлады Беларусі плануюць налета спагнаць у чатыры разы болей, чым сёлета.
 .
Ілюстрацыйны здымак.stevepb/pixabay.com/CC0

На штрафах у 2026 годзе ўлады разлічваюць зарабіць 310,3 млн рублёў – на 66,5 млн, ці на 27,3%, больш за план на гэты год. Гэта вынікае з праекту закону аб бюджэце, апублікаванага на Нацыянальным праўным партале.
У даходы нацыянальнага бюджэту таксама ўключаныя падаткі на даходы (на ўлічаныя статыстыкай паступленні для людзей і кампаніяў, у тым ліку прыбытак, а таксама дывідэнды і іншыя крыніцы), піша «Люстэрка».

Улады разлічваюць, што ў дзяржаўны бюджэт у 2026-м годзе спагоняць 15,7 млн рублёў, або на 44% больш, чым сёлета. Агульныя паступленні запланаваныя ў памеры 51,5 млн.

На чвэрць павялічацца паступленні ад акцызаў. Усяго на іх чыноўнікі хочуць зарабіць 3,7 млрд рублёў. Амаль на траціну павялічацца даходы ад экалагічнага падатку – да 507,6 млн, а таксама за здабычу прыродных рэсурсаў – да 758,9 млн. Тут прырост складзе амаль 57%.

Закладзеныя ў праекце бюджэту на наступны год і пэўныя змяншэнні. Напрыклад, у паўтара раза зменшылі планы паступленняў ад здачы ў арэнду зямельных участкаў – з 91,4 да 43,8 млн рублёў.

Затое ў пункце «даходы ад маёмасці, сканфіскаванай і іншым чынам вернутай у даход дзяржавы», прадугледжана рэзкае павелічэнне: да 189,3 млн рублёў. Рост амаль у чатыры разы ў параўнанні з цяперашнімі лічбамі.
Улады збіраюцца павялічыць падатковую нагрузку на беларусаў. На 15% хочуць падняць памер маёмаснага плацяжу (падатку на нерухомасць, зямельнага падатку і транспартнага падатку). Таксама ў планах рост ставак падаходнага падатку для тых, хто здае ў арэнду жыллё, гаражы, машына-месцы, і зямельнага падатку. Для некаторых беларусаў падаходны падатак хочуць падняць да 40%.

Люстэрка/ав