Беларуская Служба

Новая павераная ў справах Германіі мае намер вучыць беларускую мову

07.11.2025 12:59
Катрын аўс дэм Зіпен афіцыйна прыступіла да выканання абавязкаў 23 кастрычніка пасля перадачы копій даверчых грамат у Міністэрстве замежных спраў Беларусі.
Катрын аўс дэм ЗіпенКрыніца: Пасольства Германіі ў Беларусі

Новая павераная ў справах Германіі ў Беларусі Катрын аўс дэм Зіпен вывучае рускую мову і мае намер вучыць беларускую, паведамляе пасольства ФРГ у матэрыяле аб дыпламаце.

Аўс дэм Зіпен афіцыйна прыступіла да выканання абавязкаў 23 кастрычніка пасля перадачы копій даверчых грамат у Міністэрстве замежных спраў Беларусі, паведамляе «Позірк».

Пасля прызначэння аўс Дэм Зіпен упершыню прыбыла ў Мінск 2 верасня.

1 кастрычніка яна ўзяла ўдзел у прыёме з нагоды 35-годдзя аб’яднання Германіі (3 кастрычніка 1990 года).

Дыпламат працавала ў замежных прадстаўніцтвах ФРГ у Люксембургу (1996–1999), Шанхаі (1999–2003) і Маскве (2006–2009). Да прыезду ў Мінск займала пасаду кіраўніка аддзела палітыкі нямецкага пасольства ў Парыжы (2020–2025).

Катрын аўс дэм Зіпен «надае вялікую ўвагу развіццю германа-французскай дружбы, што яна не ў апошнюю чаргу пацвярджае сваёй біяграфіяй«, адзначаецца ў паведамленні дыппрадстаўніцтва Германіі ў Мінску. Падкрэсліваецца, што аўс дэм Зіпен – «дасведчаны дыпламат са свежым поглядам, якая з вялікай цікаўнасцю знаёміцца з новай краінай і яе людзьмі».

«Спадарыня аўс дэм Зіпен замужам, у яе чацвёра дзяцей. Яна адчувае асаблівую любоў да класічнай музыкі і з вялікім задавальненнем грае на фартэпіяна. Акрамя таго, яна мае слабасць да рэтра-аўтамабіляў«, – гаворыцца ў паведамленні.

Пасля падзей 2020 года ўсе дыпламатычныя місіі краін ЕС у Беларусі, акрамя Венгрыі і Славакіі, якія прызначылі паслоў (Будапешт і Браціслава падтрымліваюць афіцыйныя кантакты з мінскім і маскоўскім рэжымамі), узначальваюць часовыя павераныя ў справах. Гэта дазваляе не ўручаць даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку, якога дэмакратычныя краіны Еўропы не прызнаюць законным прэзідэнтам. Папярэдніца Катрын аўс дэм Зіпен Андрэа Віктарын таксама была часовым павераным у справах Германіі ў Беларусі (з верасня 2024-га па ліпень 2025 года).

вс