33% індустрыяльных суб'ектаў маюць рэнтабельнасць ад 0 да 5 працэнтаў. З сярэдняй рэнтабельнасцю працуюць 28% прадпрыемстваў і яшчэ столькі ж – з высокай.
Да звышрэнтабельных (паказчык вышэйшы за 20 працэнтаў) адносяцца 11 працэнтаў вытворчасцей краіны, паведамляе belmarket.eu.
Другая палова бягучага года была няўдалай для беларускай прамысловасці. Так, за верасень вытворчасць у апрацоўвачым сектары скарацілася на 3 працэнты да таго ж месяца мінулага года. Сітуацыю скампенсавалі камунальнікі (вытворчасць гарачай вады статыстыка таксама адносіць да прамысловасці). Дзякуючы халоднаму надворʼю ацяпленне ўключылі ўжо ў канцы верасня – дынаміка дадала 7% за месяц. У выніку ўся прамысловасць у цэлым падсела толькі на 0,8 працэнта.
Сярод рэгіёнаў прамысловасць больш за ўсё ўпала ў Віцебскай вобласці, дзе цяжкасці адчувае Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод. Таксама мінус паказалі Магілёўская і Мінская вобласці і нават горад Мінск. Запасы на складах прамысловых прадпрыемстваў Мінска на 19 працэнтаў перавышаюць абʼём прадукцыі, які яны вырабляюць за месяц.
Спад вытворчасці індустрыяльнай прадукцыі цісне на агульны паказчык ВУП Беларусі: за 9 месяцаў менавіта прамысловасць адабрала ў валавога прадукта 0,2 працэнтнага пункта прыросту. У выніку ўся эканоміка за гэты перыяд змагла падрасці ўсяго на 1,1%.
вх