Беларуская Служба

Беларусь завяршыла работы па дэмаркацыі сухапутнага ўчастка мяжы з Украінай

13.11.2025 12:01
Як адзначыў старшыня ДПК, вялікая ўвага надаецца таксама ўмацаванню берагоў ракі Заходні Буг на польскім кірунку.
-
Беларуска-ўкраінская мяжаNatali Stankevich/Shutterstock

Беларусь завяршыла работы па дэмаркацыі на сухапутным участку мяжы з Украінай, заявіў 12 лістапада старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Канстанцін Моластаў.

«Застаўся толькі рачны ўчастак мяжы, які праходзіць па рэках Днепр і Сож», – сказаў чыноўнік.
Акрамя таго, ён адзначыў, што вялікая ўвага надаецца ўмацаванню берагоў. Гэта тычыцца ў першую чаргу ракі Заходні Буг на польскім кірунку.

Старшыня ДПК падкрэсліў, што пагранічнікі ажыццяўляюць работы па дэмаркацыі на падставе рашэння Аляксандра Лукашэнкі, якое было зацверджана ў студзені 2025 года.

Каментуючы гэтую заяву, спікер памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка адзначыў, што, якія б працы ні праводзіла Беларусь, «вынікі дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы павінны быць узгодненыя сумеснай камісіяй, вынікі работ затым павінны быць зацверджаныя ў адпаведнасці з унутраным заканадаўствам бакоў», нагадвае «Позірк».

«Таму для паўнавартаснай працы ў гэтым кірунку Беларусі неабходна ў першую чаргу спыніць падтрымку тэрарыстычнай краіны Расіі», – падкрэсліў прадстаўнік украінскага ведамства.

Агульная працягласць дзяржаўнай мяжы паміж Беларуссю і Украінай складае 1 084 км. Дагавор паміж краінамі аб дзяржаўнай мяжы быў падпісаны 12 траўня 1997 года ў Кіеве, на яго падставе была створаная сумесная беларуска-ўкраінская дэмаркацыйная камісія, першае пасяджэнне якой адбылося 23-24 верасня 2013 года ў Мінску.

У ліпені 2021 года паведамлялася, што Украіна і Беларусь «амаль завяршылі работы па дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы па ўсёй яе даўжыні», адмысловыя памежныя знакі не былі вынесеныя толькі на рачных участках Дняпра і Сожа. Тады ж у Гомелі прайшло чарговае пасяджэнне дэмаркацыйнай камісіі. Удзельнікі абмеркавалі стан і перспектывы выканання дэмаркацыйных работ.

аз

Чарга на выезд у Польшчу 13 лістапада вырасла перш за ўсё з-за легкавых аўтамабіляў

13.11.2025 08:05
Як паведаміў ДМК Беларусі, чарга на выездзе ў Польшчу ў пункце пропуску «Брэст» вырасла ў сувязі з закрыццём Літвой мяжы з Беларуссю.