Беларуская Служба

У спісе памілаваных – Бабарыка і Бяляцкі. Выйшлі на свабоду і людзі з замежнымі пашпартамі

13.12.2025 15:14
З беларускіх турмаў выйшлі 123 палітвязні. 
Віктар БабарыкаФота: t.me/viktarbabarykaofficial

Прэс-служба Лукашэнкі паведаміла, што ён прыняў рашэнне ў рамках дасягнутых дамоўленасцяў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам вызваліць 123 зняволеных.

«Кіраўніком дзяржавы прынята рашэнне аб памілаванні 123 грамадзян розных краін, асуджаных паводле законаў Рэспублікі Беларусь за здзяйсненне злачынстваў рознай накіраванасці — шпіёнскую, тэрарыстычную і экстрэмісцкую дзейнасць», — паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Гэты жэст таксама зроблены нібыта «ў сувязі з просьбамі іншых кіраўнікоў дзяржаў і зыходзячы з гуманітарных прынцыпаў і агульначалавечых і сямейных каштоўнасцяў».

Паведамляецца, што ўсяго за апошні час, з улікам рашэнняў, прынятых Лукашэнкам у канцы лістапада, агульная колькасць памілаваных асоб складае 156 чалавек. Сярод іх — грамадзяне Вялікабрытаніі, ЗША, Літвы, Украіны, Латвіі, Аўстраліі, Японіі.

Віктар Бабарыка ў спісе памілаваных. Былы кіраўнік Белгазпрамбанка і прэтэндэнт у прэзідэнты на выбарах-2020 быў затрыманы 6 ліпеня 2020 года. Яму прысудзілі 14 гадоў калоніі.

На волі таксама Марыя Калеснікава Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Сёння на свабоду выйшлі больш за 100 чалавек. Палітвязняў вязуць у Вільню. Вызваленне адбылося пасля двухдзённых перамоў спецпасланніка Трампа Джона Коўла і Лукашэнкі, аб чым паведаміла прэс-служба Лукашэнкі.

«У рамках дасягнутых дамоўленасцяў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і па яго просьбе, у сувязі з адменай незаконных санкцый супраць калійной галіны Рэспублікі Беларусь, уведзеных Адміністрацыяй папярэдняга Прэзідэнта ЗША Байдэна, і ў сувязі з пераходам у практычную плоскасць працэсу адмены іншых незаконных санкцый супраць Рэспублікі Беларусь» Лукашэнкам было прынята рашэнне аб памілаванні 123 грамадзян розных краін. Сярод палітвязняў — пяцёра грамадзян Украіны.

Крыніца: Наша Ніва

нг