Паводле даных Белстата на 1 снежня 2025 года, колькасць буйной рагатай жывёлы ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах Беларусі скарацілася на 111 тыс. галоў (мінус 2,8%) у параўнанні з аналагічнай датай папярэдняга года. Свіней стала менш на 70 тысяч (мінус 3,4%).
Скарачэнне пагалоўя жывёлы ў аграсектары працягваецца другі год запар. За 2024 год колькасць БРЖ зменшылася на 94,2 тыс. галоў (на 2,3%), а свіней — на 270,2 тыс. галоў (на 11,9%). У суме за апошнія два гады — мінус 200 тыс. кароў і цялят, а таксама 340 тыс. свіней.
Найгорш ў Віцебскай вобласці
У мінулым годзе найбольшыя страты панесла Віцебская вобласць. Тут за 11 месяцаў пагалоўе свіней скарацілася ў паўтара раза: на пачатку 2025 года ў вобласці налічвалася 410 тыс. свіней, а цяпер засталося ўсяго 268 тысяч. Па цялятах і каровах Віцебшчына таксама сярод антылідараў — скарачэнне склала 8,5% пагалоўя.
У якіх менавіта раёнах Віцебскай вобласці адбыліся ўспышкі хвароб, статыстыка наўпрост не паведамляе. Аднак прыводзяцца даныя пра скарачэнне агульнага паказчыка вырошчвання жывёлы і птушкі — як тлумачыць Белстат, за яго адказныя менавіта свінні, у той час як па птушцы назіраўся рост. Найбольш рэзка ўпала вырошчванне жывёлы і птушкі ў цэлым у Шаркоўшчынскім (амаль у 2 разы), Верхнядзвінскім (у 1,7 раза) і Чашніцкім (на 26%) раёнах.
Таксама ад падзяжу свіней пацярпела Мінская вобласць — даных па пагалоўі няма, аднак вырошчванне за год скарацілася на 25%. Пры гэтым, агульныя паказчыкі вырошчвання ўсёй жывёлы і птушкі мацней за ўсё ўпалі ў Валожынскім раёне — на 65,5%, у Маладзечанскім — на 28,2%, у Мінскім — на 16,5%.
Што адбываецца ў Гомельскай вобласці, невядома. Абласны камітэт апублікаваў даныя толькі па каровах, па свіннях лічбы адсутнічаюць. А між тым менавіта гэтая вобласць была цэнтрам бяды год таму — па выніках 2024 года пагалоўе свіней тут скарацілася амаль на траціну. Некаторыя раёны Мінскай вобласці (Валожынскі, Клецкі) тады ўвогуле засталіся без свіней.
Што да буйной рагатай жывёлы, то яе падзеж у 2025 годзе, акрамя Віцебскай, назіраецца таксама ў Магілёўскай вобласці. У Асіповіцкім і Клімавіцкім раёнах зменшылася больш за 20% статку.
Беларусь закупляе свініну ў Расіі
Нагадаем, Беларусь стала найбуйнейшым імпарцёрам свініны з Расіі — аб’ём беларускіх закупак склаў амаль палову ўсяго расійскага экспарту гэтага мяса. Паводле даных Forbes, закупкі з боку Беларусі ў мінулым годзе склалі каля 100 млн долараў. Раней, наадварот, Беларусь пастаўляла свініну ў Расію — прыкладна 60 тыс. тон штогод.
Разнос на нарадах не дапамог
"Беларусы і рынак" нагадвае, што ў траўні на нарадзе з урадам Аляксандр Лукашэнка абураўся тым, што ў Беларусі зафіксаваны рэкордны ўзровень гібелі жывёлы. Падчас паездкі ў Віцебскую вобласць у кастрычніку Аляксандр Лукашэнка заявіў, што за студзень–верасень па рэспубліцы падзеж жывёлы склаў 108 тыс. галоў, што ў цэлым ніжэй за ўзровень мінулага года на 5%. Пры гэтым рост падзяжу адзначаны ў 51 раёне краіны, у 13 з іх — рост у паўтара раза і больш.
Кіраўнік Акадэміі навук Уладзімір Каранік тлумачыў у эфіры дзяржаўных тэлеканалаў, што прычынай рэкорднага падзяжу з’яўляецца «гістарычна высокая шчыльнасць жывёлы» і «больш інтэнсіўная жывёлагадоўля», якая патрабуе «іншых падыходаў да захаванасці» пагалоўя.
нг