Беларуская Служба

BySol амаль сабраў заяўленую суму для дзяцей палітвязняў у рамках каляднага збору

06.01.2026 19:26
Пра пачатак збору сродкаў стала вядома 17 лістапада мінулага года.
 BYSOL
Лагатып BYSOL Крыніца: bysol.org

26 тыс. 053 еўра сабрана на 15:30 6 студзеня ў рамках каляднага збору для дзяцей палітвязняў, вынікае з інфармацыі на сайце фонду салідарнасці BySol.

Заяўленая сума збору складае 27 тыс. 400 еўра, інфармуе «Позірк».

Паведамляецца, што выплаты атрымалі 134 дзіцяці з 266.

Пра пачатак збору сродкаў стала вядома 17 лістапада мінулага года.

«Дарослы свет паспеў прычыніць гэтым дзецям занадта шмат дрэннага: выклікаць трывогу, пазбавіць звыклага клопату, прымусіць перажываць расстанне з самымі роднымі людзьмі. Гэта тое, з чым не павінна сутыкацца ні адно дзіця. Менавіта мы з вамі можам паказаць, што свет дарослых бывае не толькі жорсткім», – гаворыцца ў апісанні збору на сайце фонду.

Адзначаецца, што збор «прыдуманы для таго, каб сем’і палітвязняў атрымалі падтрымку, а кожнае дзіця – знак увагі і надзею».

«На кожнае дзіця мы разлічваем сабраць па 100 еўра – каб у гэтых сем’ях была магчымасць стварыць адчуванне сапраўднага свята», – паведамляў BySol.

Фонд салідарнасці BySol заснаваны ў 2020 годзе. Займаецца зборам сродкаў і аказаннем іншай дапамогі людзям, пацярпелым ад палітычных рэпрэсій у Беларусі.

За 2025 год BySol сабраў больш за 1 млн 25 тыс. еўра ахвяраванняў для беларусаў у патрэбе.

вс