Беларуская Служба

У Літве перахапілі першую ў 2026 годзе партыю кантрабандных цыгарэтаў з Беларусі

06.01.2026 20:04
Груз утрымліваў 3 тыс. пачкаў цыгарэт Minsk Capital QS з беларускімі акцызнымі маркамі.
  ,
Кантрабандны паветраны шар, які прыляцеў у Літву з Беларусі Фота: Міністэрства ўнутраных справаў Літвы, DELFI MONTAŽAS

У ноч на аўторак літоўскія памежнікі перахапілі першую сёлета партыю кантрабандных цыгарэт, дастаўленых з Беларусі на метэазондах, паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў (МУС). Пра гэта інфармуе партал Delfi.

Паведамляецца, што пасля паўночы ў Варэнскім раёне, недалёка ад мяжы з Беларуссю, супрацоўнікі Пурвенайскай пагранзаставы, пры садзейнічанні калег з суседняй пагранзаставы імя Аляксандраса Бараўскаса, перахапілі груз з Беларусі, дастаўлены на двух метэазондах. Груз утрымліваў 3 тыс. пачкаў цыгарэт Minsk Capital QS з беларускімі акцызнымі маркамі. Як звычайна, да грузу была прымацаваная GPS-прылада.

Супрацоўнікі Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) праводзяць папярэдняе расследаванне па факце незаконнай рэалізацыі падакцызных тавараў. Паводле звестак САДМ, апошні раз кантрабанда, якая перакідвалася на метэазондах, была перахопленая ў Літве 20 снежня мінулага года. Тады на склады пагранічнікаў паступіла тры такія грузы, больш за 4 тыс. 300 пачкаў цыгарэт.

Паводле звестак МУС, мінулай ноччу таксама былі зафіксаваныя некалькі адзнак, характэрных для метэазондаў.

«Цяпер дзейнічае рэжым надзвычайнай сітуацыі дзяржаўнага ўзроўню, усе адказныя службы працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, прымяняюцца дадатковыя меры, і вынікі відавочныя. Сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. Мы рэагуем аператыўна і паслядоўна. Варта таксама адзначыць, што мінулай ноччу Віленскі аэрапорт працаваў у штатным рэжыме, а маніторынг і кантроль над над паветранай прасторай быў узмоцнены», гаворыцца ў заяве міністра ўнутраных спраў Літвы Уладзіслава Кандратовіча.

Паводле звестак МУС, летась было перахоплена 635 метэазондаў з цыгарэтамі, якія прыляцелі з Беларусі ў Літву. Паведамляецца, што стандартны памер такой партыі складае тры каробкі беларускіх цыгарэт, гэта значыць 1 тыс. 500 пачкаў.

Між тым, у 2024 годзе было зафіксавана 226 падобных выпадкаў перахопу кантрабандных цыгарэт, дастаўленых з Беларусі на метэазондах. У 2022 годзе выпадкаў кантрабанды на метэазондах не было, а ў 2023 годзе былі зафіксаваныя тры такія спробы. Летась на склады памежнікаў патрапіла больш за 1 млн 400 тыс. пачкаў цыгарэт, дастаўленых у Літву па паветры – з дапамогай дронаў і метэазондаў. Акрамя таго, у 2025 годзе памежнікі затрымалі 122 чалавекі па падазрэнні ў датычнасці да кантрабанды па паветры, а пазалетась – 46 чалавек.

вс