У 2024 годзе ў Мінскім гарадскім судзе асудзілі трох супрацоўнікаў мытнай службы, у тым ліку за «здраду дзяржаве». Яўгену Гурыновічу прызначылі 13,5 гадоў зняволення, Віктару Новіку – 13 гадоў, Уладзіміру Журомскаму – 12 гадоў. Раней праваабаронцы «Вясны» паведамлялі, што праз праблемы са здароўем Яўгена Гурыновіча судзілі наўпрост у СІЗА-1 на «Валадарцы». Ініцыятыва dissidentBY распавяла, што былога супрацоўніка мытнай службы жорстка збілі да такога стану, што ён доўгі час не мог хадзіць, быў вымушаны карыстацца інвалідным вазком і мыліцамі.
Праваабаронцы раней дазналіся, што ў былы галоўны інспектар мытнай службы Яўген Гурыновіч не мог доўга сядзець і стаяць. У сувязі з гэтым яго справу вылучылі ў асобную вытворчасць і разглядалі па месцы ўтрымання зняволенага. Па справе Гурыновіча на «Валадарцы» прайшлі больш за дзесяць працэсаў.
Ініцыятыва dissidentBY распавяла падрабязнасці пераследу Яўгена Гурыновіча і ягоных калегаў, якіх затрымалі ў 2022 годзе. Паведамляецца, што яны змагаліся з кантрабандай беларускіх цыгарэт у ЕС, у тым ліку пры ўдзеле дзяржаўных структур. Фактычна яны перашкаджалі карупцыйным схемам, што кантралююцца беларускімі ўладамі. Гэта і стала прычынай крымінальнага пераследу.
DissidentBY паведамляе, што падчас затрымання сілавікі жорстка збілі Яўгена і сур’ёзна пашкодзілі яму спіну.
«Пасля гэтага ён доўгі час не мог хадзіць, быў вымушаны карыстацца інвалідным вазком і мыліцамі. Боль быў настолькі моцны, што яго неаднаразова змяшчалі ў бальніцу ў Калядзічах. Яўген вельмі дрэнна сябе адчуваў і мог проста ўпасці на падлогу без магчымасці самастойна падняцца. Лекары доўгі час адмаўляліся прызнаваць інваліднасць, аднак пазней яго накіравалі ў Магілёўскую бальніцу, дзе пацвердзілі, што боль мае аб’ектыўныя прычыны. У выніку Гурыновіч афіцыйна атрымаў інваліднасць», – піша dissidentBY.
Адбываць тэрмін Яўгена Гурыновіча адправілі ў магілёўскую калонію № 15. Нягледзячы на стан здароўя, адміністрацыя калоніі ПК-15 працягвае прымушаць яго хадзіць на ранішнюю зарадку і на працу, паведамляе dissidentBY. Для чалавека на мыліцах гэта азначае штодзённыя шматгадзінныя пакутлівыя перамяшчэнні. Іншыя палітвязні сцвярджаюць, што адміністрацыя калоніі робіць гэта як элемент дадатковага пакарання Яўгена.
dissidentBY/Вясна/ав