Беларуская Служба

Беларусь распрацоўвае пагадненне з кампаніяй «Росатом» аб будаўніцтве трэцяга блокa АЭС у Астраўцы

12.01.2026 10:30
Паводле ранейшых заяваў уладаў, падключэнне трэцяга блока магутнасцю ў 1200 МВт да агульнай сістэмы АЭС плануецца на 2035 год.
Астравецкая АЭСфота: ostrovets.gov.by

Беларусь пачала распрацоўку пагаднення з дзяржаўнай карпарацыяй «Расатам» аб будаўніцтве трэцяга блока на Беларускай АЭС у Астраўцы, паведамляе «Свабода» са спасылкай на заяву міністра энергетыкі краіны.

«Каб пачаць рэалізацыю гэтага праекта, нам трэба падрыхтаваць пакет дакументаў. Мы пачынаем распрацоўку канкрэтнага пагаднення з дзяржаўнай карпарацыяй «Росатом«, у якім будуць указаныя тэхнічныя і эканамічныя ўмовы рэалізацыі гэтага праекта», – сказаў Дзяніс Мароз.

Ён дадаў, што на ўзроўні Міністэрства энергетыкі Беларусі і «Расатама» створаная працоўная група для распрацоўкі пагаднення, адзначае Інтэрфакс.

«Гэтая працоўная група ўжо правяла некалькі паседжанняў, і зараз ідзе падрабязнае абмеркаванне.

Кароткатэрміновая мэта – распрацаваць пагадненне, а таксама падрыхтаваць і прадставіць ураду падрабязны план, які будзе ўключаць праграму дзеянняў усіх дзяржаўных органаў наконт будаўніцтва ў краіне ядзернага аб’екту ў выглядзе энергаблока № 3 на Беларускай АЭС».

Гаворачы пра задачы на 2026 год, палітык заявіў што пастаўленая мэта распрацаваць пагадненне, падрыхтавацца да падпісання кантракту і падпісаць міжурадавае пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Расіяй пра будаўніцтва аб’екту.

Раней Мароз ужо гаварыў пра планы Беларусі на трэці блок. Ён адзначаў, што ён будзе магутнасцю 1200 МВт, а ягонае падлучэнне да агульнай сістэмы АЭС плануецца на 2035 год.

Акрамя таго, міністр адзначаў, што адначасна ідзе праца наконт вывучэння перспектыў будаўніцтва ў Магілёўскай вобласці другой атамнай станцыі.

аз