Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 13 студзеня ўхваліла ў другім чытанні законапраект аб унясенні змен у закон аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі, які прадугледжвае ўвядзенне абавязковай здачы адбіткаў пальцаў для шэрагу катэгорый грамадзян.
Законапраект прадбачвае абавязковую дактыласкапію пры выдачы дакументаў для грамадзян Беларусі ва ўзросце ад 14 да 75 гадоў, якія набылі грамадзянства замежнай краіны або дазвол на пражыванне ці іншы дакумент, які надае права на льготы і іншыя перавагі ў сувязі з палітычнымі і рэлігійнымі поглядамі або на падставе нацыянальнай прыналежнасці.
Таксама здаваць адбіткі пальцаў абавяжуць грамадзян Беларусі, якія пастаянна жывуць за мяжой і знаходзяцца на консульскім уліку ў беларускіх консульствах.
Дактыласкапію зробяць абавязковай і для іншаземных грамадзян, які завярнуліся па атрыманне статусу ўцекача ў Беларусі або па дазвол на часовае ці сталае пражыванне на беларускай тэрыторыі.
Закон набудзе юрыдычную моц пасля ўхвалення ў Савеце рэспублікі Нацыянальнага сходу і яго падпісання Аляксандрам Лукашэнкам.
Раней заканадаўства Беларусі абавязвала здаваць адбіткі пальцаў толькі тых іншаземцаў і асоб без грамадзянства, якія былі ўключаныя ў спіс непажаданых асоб або тых, каго дэпартавалі ў іншыя краіны.
Абавязковую дактыласкапію плануюць увесці для людзей, якія на момант высвятлення іх асобы праз стан здароўя або ўзрост не могуць паведаміць звесткі пра сябе бо адмаўляюцца гэта зрабіць.
Крыніца: Свабода
нг