Плацяжы з банкаўскіх карт іншых банкаў спачатку спісваліся з рахункаў кліентаў, але прыкладна праз 7-14 дзён масава вяртаюцца назад на рахункі адпраўніка. Праблема пачалася яшчэ 20 снежня — раней адладжаныя плацяжы ў папраўчыя калоніі (згодна з законам, гаворка ў такім выпадку ідзе аб плацяжы ў бюджэт) сталі вяртацца. Адначасова ў М-банкінгу і АРІП з’явіліся паведамленні «Плацёж забаронены» пры ажыццяўленні плацяжу па рэквізітах.
У «Беларусбанку» тады спаслаліся на правядзенне тэхнічных работ з 22 па 29 снежня ў сувязі са змяненнем архітэктуры праграмнага забеспячэння. У некаторых аддзяленнях адказвалі, што праблема будзе вырашана да 9 студзеня. Аднак і сёння, 13 студзеня, сістэма не працуе. Больш за тое, сістэма не працуе і ў іншых банках.
Сваякам асуджаных прапануецца адсылаць грошы па пошце, але ў такім выпадку вязні, у дачыненні да якіх уведзены «прафулік» і якія знаходзяцца ў спісе «тэрарыстаў», не маюць магчымасці атрымаць нават дзве базавыя велічыні, бо ў паштовай сістэме ў дачыненні да іх дзейнічае аўтаматычная забарона на пераводы.
У выніку, тысячы асуджаных застаюцца без так званай «атаваркі» ў турэмнай краме. Акрамя таго, шэраг калоній, напрыклад, віцебская ВК-3 «Віцьба», увялі правіла аплаты за працяглае спатканне (да трох сутак) толькі з асабовага рахунку асуджанага. Пры гэтым, грошы на рахунку вязня павінны быць за 10 дзён да спаткання, інакш яно можа быць адменена.
Крыніца: MAYDAY TEAM. Канал праваабаронцаў і журналістаў ПЦ "Вясна" з Магілёва
нг