Беларуская Служба

BYSOL адкрыў збор на падтрымку ўкраінцаў, якіх вызвалілі з лукашэнкаўскіх вязніцаў

15.01.2026 14:17
Сярод тых, хто быў вызвалены, – Марыя Місюк, якую судзілі за «тэрарызм», калі ёй было 16 гадоў – быццам бы яна пад уплывам украінскіх спецслужбаў, стварыла падлеткавую «анархічную ячэйку».
Марыя МісюкКрыніца: Координаційний штаб з питань поводження з військовополоненими/Telegram

Фонд салідарнасці BYSOL абвясціў збор дапамогі на падтрымку грамадзянаў Украіны, якія адбывалі пакаранне ў вязніцах Беларусі паводле палітычных матываў і былі вызваленыя ў лістападзе 2025 года.

«Самаму малодшаму з вызваленых – усяго 18 гадоў. Самаму старэйшаму – за 50. Многія выйшлі з падарваным здароўем і без разумення, як пачынаць жыццё нанова», – адзначаюць у BYSOL.

Сярод тых, хто быў вызвалены, фонд салідарнасці згадвае Марыю Місюк, якую судзілі за «тэрарызм», калі ёй было 16 гадоў – быццам бы яна пад уплывам украінскіх спецслужбаў, стварыла падлеткавую «анархічную ячэйку». Таксама сярод вызваленых быў і Аляксандр Катовіч, абвінавачаны ў датычнасці да «экстрэмісцкага фармавання» «Беларусь за МКАДам».

«Сёння гэтыя людзі на свабодзе. Але гэта не значыць, што ў іх усё ў мінулым. Хтосьці мае патрэбу ў тэрміновым лячэнні – сярод вызваленых ёсць людзі з анкалагічнымі захворваннямі. Камусьці неабходная рэабілітацыя. Камусьці – падтрымка, каб прайсці этап адаптацыі: жыллё, лекі, дапамога псіхолага», – піша BYSOL.

Запланаваная сума збору – 12 тыс. еўра. Ахвяраваць грошы можна, прайшоўшы па спасылцы.

Нагадаем, што 22 лістапада ў Беларусі памілавалі і вызвалілі з турмаў 31 грамадзяніна Украіны. Гэта адбылося ў межах дамоўленасцяў паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Дональдам Трампам. Вызваленыя асобы былі асуджаныя на тэрміны ад 2 да 13 гадоў, паведамляе «Белсат».

вс