Беларуская Служба

Анджэй Пачобут не прыняў бы прапанову Лукашэнкі – бацька палітвязня

15.01.2026 19:14
«Як я ўжо шмат разоў казаў, я вельмі ганаруся сваім сынам. Калі б я яго ўбачыў, я стаў бы перад ім на калені з захапленнем ад таго, якую пазіцыю ён заняў».
Ванда і Станіслаў ПачобутыКрыніца: прыватны сямейны архіў

Журналіст-палітвязень Анджэй Пачобут зноў знаходзіцца ў ізаляцыі. Ён мае праблемы са здароўем – сардэчная арытмія і гіпертанія, а вага знізілася да 70 кілаграмаў. Пра гэта бацька палітвязня Станіслаў расказаў польскаму парталу WP, які цытуе «Еўрарадыё».

Ён паведаміў, што апошні раз ліст ад сына прыйшоў у канцы снежня 2025 года. Бацькі спадзяваліся, што Анджэй будзе ў ліку палітвязняў, вызваленых 13 снежня, але гэтага не здарылася.

Станіслаў Пачобут кажа, што не верыць, быццам Анджэй атрымліваў нейкія прапановы ад Лукашэнкі: «Калі б такая прапанова паступіла, ён бы не прыняў яе. Ён не здрадзіць сваім ідэалам».

У лісце, які бацькі атрымалі ў снежні 2025 года, Анджэй піша: «Дарагія мама і тата! У мяне ўсё стабільна. Настрой у норме, паціху пачынаю адчуваць святочную атмасферу дзякуючы радыё. Шкада, замежныя мовы тут забароненыя – я б падцягнуў англійскую, а так чытаю вершы. Думкамі я з вамі і буду з вамі за святочным сталом. З любоўю, Анджэй».

Бацька кажа, што сын стараецца берагчы іх ад кепскіх навінаў: «Калі ў Анджэя здараецца нешта дрэннае, ён дзеліцца гэтым са сваёй жонкай, а нас стараецца берагчы. Мы таксама пішам яму, што ў нас усё добра і што мы здаровыя. Трохі падманваем адзін аднаго. Але робім гэта дзеля любові. Мы не хочам засмучаць сына, а ён – бацькоў».

Станіслаў Пачобут прызнаецца, што яго здароўе пагаршаецца: праз дыябет ён губляе зрок і з цяжкасцю ходзіць. «Чаго я жадаю? Каб Анджэй быў свабодны і здаровы. А сабе – толькі аднаго: паспець убачыць сына да таго, як я канчаткова аслепну», – адзначае ён.

Разам з тым бацька кажа, што ганарыцца Анджэем за ягоную пазіцыю. «Што б ён ні вырашыў, мы гэта прымем і будзем яго падтрымліваць. Як я ўжо шмат разоў казаў, я вельмі ганаруся сваім сынам. Калі б я яго ўбачыў, я стаў бы перад ім на калені з захапленнем ад таго, якую пазіцыю ён заняў. Ад яго ўпартасці. Хаця не раз у мяне з’яўлялася думка, што цана, якую ён плаціць за свае ідэалы, занадта высокая. Гэта ж усё яго жыццё. Калі Анджэя арыштавалі, яго сын меў рост 120 сантыметраў. Сёння – 190».

вс