Беларуская Служба

Прэзідэнт Германіі сустрэўся з Марыяй Калеснікавай

15.01.2026 20:37
13 снежня 2025 года 43-гадовая Калеснікава была вызваленая пасля перамоваў з ЗША разам са 122 іншымі палітычнымі зняволенымі. 
   .   -
Вызваленне палітвязняў з Беларусі. У цэнтры - Марыя КалеснікаваПроект «Хочу жить»/t.me/hochu_zhyt

Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер сустрэўся 15 студзеня з былой беларускай палітвязняй Марыяй Калеснікавай, вынікае з анонсу мерапрыемстваў на яго афіцыйным сайце. Ён прыняў Калеснікаву ў сваёй рэзідэнцыі ў палацы Бельвю, паведамляе «Позірк».

Калеснікава пакінула запіс у гасцявой кнізе, піша Deutsche Welle.

«Выдатна зноў бачыць вас на волі», – сказаў Франк-Вальтэр Штайнмаер, звяртаючыся да яе.

13 снежня 2025 года 43-гадовая Калеснікава была вызваленая пасля перамоваў з ЗША разам са 122 іншымі палітычнымі зняволенымі. Беларускія ўлады вывезлі іх ва Украіну, пасля яны змаглі з’ехаць у краіны ЕС. Марыю Калеснікаву і Віктара Бабарыку афіцыйна прыняла Германія.

Калеснікава з 2007 года да падзей 2020-га пражывала ў ФРГ.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года была спікерам і кіраўніком выбарчага штаба былога старшыні праўлення «Белгазпрамбанка» Віктара Бабарыка. Пасля яго затрымання далучылася да каманды Святланы Ціханоўскай і стала адной з прадстаўніц аб’яднанага штаба нараўне з Веранікай Цапкала, жонкай яшчэ аднаго прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Валерыя Цапкалы.

Прыгавораная 6 верасня 2021 года да 11 гадоў пазбаўлення свабоды.

У лістападзе 2022 года Калеснікаву экстранна прааперавалі ў Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, куды даставілі ў цяжкім стане. У палітзняволенай дыягнаставалі перытаніт (запаленне брушыны), які стаў ускладненнем прабадной язвы. Тады ж яна бачылася з бацькам – ён наведваў яе ў медчастцы. Іх наступная сустрэча адбылася толькі 12 лістапада 2024 года. З-за інфармацыйнай блакады (рэжым інкамунікада) звестак аб стане Калеснікавай не было больш за паўтара года.

вс