Беларуская Служба

Журналіст з Гродна лечыцца ад анказахворвання і просіць аб дапамозе

16.01.2026 08:00
Польскае радыё забяспечыла медычную страхоўку, аднак заробку хапае толькі на мінімальныя выдаткі.
Міхаіл Карневічкрыніца: BYSOL

Польскае радыё забяспечыла медычную страхоўку, аднак заробку хапае толькі на мінімальныя выдаткі.

На BYSOL ідзе збор для Міхаіла Карневіча, які пакінуў Беларусь праз пераслед за прафесійную дзейнасць.
У эміграцыі ён праходзіць лячэнне ад анкалагічнага захворвання і просіць аб падтрымцы, каб перажыць перыяд тэрапіі і не застацца без жылля.

«Я родам з Гродна і амаль усё жыццё прапрацаваў у журналістыцы, – распавядае Міхаіл. – Пасля ўніверсітэта быў карэспандэнтам газет «Пагоня» і «Біржа інфармацыі», стаў адным з сузаснавальнікаў апошняй».

Калі гэтыя выданні па палітычных прычынах закрылі, ён працягнуў працу як карэспандэнт Беларускай службы Польскага радыё, Радыё Свабода, а з 2018 года супрацоўнічаў з газетай «Народная Воля».

Падчас выбараў 2020 года Міхаіл асвятляў падзеі ў Гродне, рыхтаваў матэрыялы для незалежных рэдакцый. У студзені 2022 г. рэдакцыя «Народнай Волі» накіравала яго рабіць матэрыял пра лагер мігрантаў на беларуска-польскай мяжы ў раёне пункту пропуску «Брузгі». Дзеля гэтага патрабаваўся дазвол Гарадзенскага аблвыканкаму. Міхась некалькі разоў тэлефанаваў у ідэалагічны аддзел, але так і не атрымаў выразнага адказу. 21 студзеня, на наступны дзень пасля чарговага званка, да яго дамоў прыйшлі сілавікі. У кватэры правялі ператрус, забралі ўсю тэхніку, а Міхаіла даставілі ў РАУС, дзе склалі адміністрацыйны пратакол.

За публікацыі на Радыё Свабода, якое да таго часу было абвешчана «экстрэмісцкім фармаваннем», журналісту далі трое сутак у ІЧУ, штраф і канфіскавалі тэхніку.

Назіранне за журналістам працягвалася: сілавікі нават наведаліся да новых уладальнікаў яго былой дачы ў пошуках матэрыялаў. «Адвакат казаў мне, што трэба з'язджаць з Беларусі, таму што за адміністрацыйнай справай з высокай верагоднасцю рушыць услед крымінальная».

Міхась пакінуў краіну, а праз тыдзень пасля адʼезду сілавікі вярнуліся зноў і, не застаўшы гаспадара, пакінулі ў паштовай скрыні позву. Журналіст мяркуе, што спецслужбы ўзламалі канфіскаваны кампʼютар і знайшлі там масіў журналісцкіх матэрыялаў, якія ён друкаваў пад псеўданімам.

З сакавіка 2022 года Міхаіл жыве ў Польшчы, аднак тэрмін яго статусу часовага знаходжання завяршаецца. На аснове няштатнага супрацоўніка падпрацоўвае на Польскім радыё карэспандэнтам Беларускай службы. Польскае радыё забяспечыла медычную страхоўку. Аднак праз адсутнасць стабільнай працы ён вымушаны падавацца на міжнародную абарону. Заробку хапае толькі на мінімальныя выдаткі.

У 2025 годзе стан здароўя Міхаіла рэзка пагоршыўся. Абследаванне выявіла анкалагічнае захворванне. Беларус перанёс аперацыю і прайшоў некалькі сеансаў прамянёвай тэрапіі. Лячэнне працягваецца, прызначаны прэпараты і далейшае назіранне ў анкацэнтры.

«Мяне лечаць па страхоўцы, але яна не пакрывае паўсядзённыя выдаткі на жыццё падчас тэрапіі, – кажа Міхаіл. – Я тут адзін, без сямʼі і блізкіх, працаваць на поўную сілу не магу, а ад моманту падачы на ​​міжнародную абарону наогул не працаўладкуюся па законе».

Падтрымка, у якой Міхаіл мае патрэбу, неабходная для аплаты жылля, пакупкі лекаў і вітамінаў, рэабілітацыі пасля лячэння і базавых выдаткаў на харчаванне. «Ваша дапамога дазволіць мне прайсці лячэнне, не апынуўшыся на вуліцы, аднавіцца і надалей паспрабаваць вярнуцца да працы».

Сума збору

€3000

€1400 – тры месяцы мінімальнага жылля падчас тэрапіі
€500 – харчаванне і выдаткі на жыццё
€700 – прэпараты, якія не пакрываюцца страхоўкай
€400 – рэабілітацыя і аднаўленне

яс