Медыянны заробак у Беларусі ў лістападзе склаў 2081,7 рубля. У параўнанні з маем 2025 года ён павялічыўся на 67,7 рубля, а з лістападам 2024 года вырас на 289,5 рубля, паведамляе Наша Ніва.
Калі ж браць чыстымі, то медыянны заробак будзе складаць 1790,3 рубля.
Калі браць афіцыйны сярэдні курс долара за лістапад, то гэта будзе 703 долараў бруднымі і 605 долараў чыстымі.
Медыянны заробак — паказчык, які дзеліць усе заработныя платы на дзве роўныя часткі: палова работнікаў атрымлівае больш за медыяну, а другая палова — менш. Ён адлюстроўвае сітуацыю з заробкамі дакладней, чым паказчык сярэдняга заробку. Медыянны заробак называюць два разы на год: за май і лістапад.
У лістападзе 2025 года сярэдні налічаны заробак склаў 2703,7 рубля бруднымі і 2325,3 рубля чыстымі, адпаведна пры сярэднім курсе долара за лістапад, заробак бруднымі будзе 913,4 долара, чыстымі — $785,5.
На наступным тыдні Белстат агучыць сярэдні заробак за снежань, ён традыцыйна будзе значна вышэйшы за лістапад за кошт дадатковых прыканцыгадовых выплат, у студзені вернецца на ранейшыя пазіцыі.
IAR/яс