Нядаўна адкрытыя памежныя пераходы «Баброўнікі» і «Кузніцу» на мяжы з Беларуссю трэба закрыць. Старшыня фонду «Інстытут нацыянальнай бяспекі» Станіслаў Жарын прапануе такую меру ў адказ на масавы прылёт метэазондаў з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі.
«Чарговая нахабная правакацыя Расіі і Беларусі. Парушэнне паветранай прасторы Рэспублікі Польшча – гэта не выпадковасць, а чарговая разведвальная аперацыя, якая дэстабілізуе Польшчу», – цытуе выданне MOST допіс Жарына ў сацсетцы X.
Палітык звярнуўся да польскага прэм'ер-міністра Дональда Туска і прапанаваў «адмовіцца ад дружалюбных жэстаў у якасці заахвочвання».
«Прашу закрыць адкрытыя вамі памежныя пераходы з Беларуссю! Мінск і Масква зразумеюць толькі жорсткую рэакцыю», – напісаў Жарын.
Раней Бюро нацыянальнай бяспекі паведаміла, што ў ноч на 17 студзеня ў Польшчу прыляцелі некалькі дзясяткаў абʼектаў. Пазней польскія службы знайшлі ў памежных раёнах і Беластоку метэазонды з прымацаванымі да іх кантрабанднымі цыгарэтамі або без іх.
Пункты пропуску «Баброўнікі» і «Кузніца» былі адкрытыя пасля доўгага перапынку 17 лістапада 2025 года.
Станіслаў Жарын – палітык правага толку, эксперт па бяспецы, у мінулым – дарадчык прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды.
вс