Беларуская Служба

Грамадзянка Індыі, якая захрасла ў Беларусі, заўтра вернецца да дому

22.01.2026 15:04
Грамадзянка Індыі Міна Джошы, якая апынулася ў Беларусі без працы і грошай, вылеціць у Дэлі 23 студзеня.
Грамадзянка Індыі Міна ДжошыСкыншот відэа t.me/pressmvd

Агент, з якім супрацоўнічала жанчына, купіў ёй зваротны білет. Яна прыляціць у Дэлі рэйсам «Белавія», пішуць індыйскія медыя, заўважыў Reform.news.

Джошы паехала ў Беларусь праз агента. Ёй абяцалі працу на ўпакоўцы садавіны, але на месцы высветлілася, што яна павінна прыбіраць хлеў.

Жанчына прапрацавала ў такіх умовах тыдзень, а потым вырашыла вярнуцца дадому, аднак не магла звязацца з агентам.

Пасля гэтага жанчына запісала рэзананснае відэа, у якім распавяла, што не атрымала абяцанай працы і заробку, жыве ў кароўніку і не можа вярнуцца ў Індыю праз адсутнасць грошай. Пра сітуацыю напісалі індыйскія і беларускія СМІ.

МУС Беларусі назвала інфармацыю пра грамадзянку Індыі фэйкавай. У МУС патлумачылі, што ў лістападзе жанчына атрымала працу і дазвол на часовае пражыванне, але праз 8 дзён скасавала кантракт, што прывяло да анулявання дазволу. Пасля гэтага яна выязджала ў Расію, але вярнулася ў Беларусь. МУС паабяцала правесці праверку і даць прававую ацэнку дзеянням пасярэднікаў і наймальнікаў.

яс