Сустрэча прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з лідаркай беларускіх дэмсіл Святланай Ціханоўскай, якая адбылася 25 студзеня ў Вільні (Літва), адчыняе акно магчымасцей для беларускага дэмакратычнага руху. Такое меркаванне выказаў у сябе ў Фэйсбуку былы ўкраінскі пасол у Мінску Ігар Кізім.
Дыпламат адзначыў, што мерапрыемства стала доўгачаканым для ўсіх, хто мае дачыненне да ўкраінска-беларускай праблематыкі. Гэтай сустрэчай украінская ўлада паказала сваё стаўленне да беларускага кейсу.
«Хацеў бы паўтарыць адзін са сваіх каментароў… Шкада страчанага часу. З самага пачатку было відавочна, што такое павінна адбыцца, калі Украіна хоча быць суб'ектнай хаця б на рэгіянальным узроўні. Магчыма, гэта звязана са зменамі ў Офісе прэзідэнта [Украіны]. Але важна пакуль не гэта, а тое, каб беларускія дэмсілы як мага лепш скарысталіся гэтым прыадчыненым «акном магчымасцей» для беларускага дэмакратычнага руху ў цэлым. Слава Украіне! Жыве Беларусь!» – напісаў Ігар Кізім.
Нагадаем, што 25 студзеня 2026 года ў Вільні адбылася першая асабістая двухбаковая сустрэча Уладзіміра Зяленскага і Святланы Ціханоўскай. Бакі абмеркавалі працэс вызвалення беларускіх палітвязняў, наступныя крокі, санкцыйную палітыку, сумесную стратэгію з еўрапейскімі і амерыканскімі партнёрамі, прыцягненне да адказнасці Аляксандра Лукашэнкі і яго паплечнікаў, у тым ліку – за вываз украінскіх дзяцей.
Ігар Кізім быў апошнім паслом Украіны ў Беларусі з лютага 2017 года па 22 чэрвеня 2023 года. У красавіку 2023 года МЗС Украіны асудзіў сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком акупацыйнай адміністрацыі Данецкай вобласці Дзянісам Пушыліным і адклікаў Кізіма для кансультацый. У Мінск дыпламат ужо не вярнуўся і ўказам прэзідэнта Украіны быў вызвалены ад пасады.
У лютым 2025 года экс-амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім пакінуў пасаду амбасадара па асобых даручэннях, які адказваў за Беларусь.
Люстэрка/ав