Захаванне Беларускай гімназіі ў сталіцы Літвы абмеркаваў дыпламатычны дарадчык дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі на сустрэчы 26 студзеня з прадстаўнікамі Віленскай гарадской рады і мэрыі, паведамляе сайт Ціханоўскай.
Сустрэча адбылася «на фоне разгляду радай зменаў да парадку прыёму ў школы, якія могуць абмежаваць доступ дзяцей замежнікаў з часовымі і сталымі дазволамі на жыхарства да навучання ў школах з нелітоўскай мовай выкладання», адзначаецца ў рэлізе, піша «Позірк».
З літоўскага боку ў сустрэчы ўдзельнічалі член камітэта па культуры і турызме Рамінта Кершыце, старшыня камітэта па пытаннях адукацыі Вітаўтас Вайцекунас, старшыня эканамічна-фінансавага камітэта Віленскай гарадской рады Вігінтас Гаспаравічус і дарадчык мэра Вільні па міжнародных справах Вікінтас Вайткявічус.
Бакі дамовіліся шукаць рашэнне, якое дазволіць захаваць працу Беларускай гімназіі, забяспечыць магчымасць паступлення новых вучняў, працягваць падтрымліваць беларускую мову і культуру ў Літве.
Прадстаўнікам гарадскога самакіравання перададзены зварот за подпісам больш за 200 бацькоў беларускіх дзяцей.
Літоўскі бок, як адзначаецца, запэўніў, што разумее важнасць беларускай культуры і мовы, асабліва ў кантэксце супрацьстаяння «рускаму свету», і лічыць важнай інтэграцыю беларусаў у літоўскае грамадства, у тым ліку праз адукацыю.
Акрамя таго, было ўзнятае пытанне важнасці захавання Беларускага дома ў Вільні як цэнтра культурніцкага, адукацыйнага і грамадскага жыцця беларусаў у Літве.
25 студзеня пра збор подпісаў пад зваротам да гарадской рады за права дзяцей атрымліваць адукацыю на роднай мове паведаміла Асацыяцыя беларускіх бацькоў у Літве.
Раней паведамлялася, што віцэ-мэр Вільні Вітаўтас Міталас унёс на разгляд гарадской рады прапанову аб тым, каб дзеці замежнікаў прымаліся на вучобу толькі ў школы з навучаннем на літоўскай мове. Падкрэслівалася, што гэта можа прывесці да закрыцця адзінай у літоўскай сталіцы беларускамоўнай гімназіі імя Францішка Скарыны.
Школа з навучаннем на беларускай мове заснаваная ў Вільні ў 1994 годзе. У 1997-м ёй прысвоенае імя Скарыны, у 2013-м навучальная ўстанова атрымала статус гімназіі.
Асацыяцыя беларускіх бацькоў зарэгістраваная ў Літве ў верасні 2025 года. Ставіць перад сабой мэту «аб’ядноўваць беларускія сем’і, якія жывуць у Літве, і прадстаўляць іх агульныя інтарэсы».
Як паведамляў «Позірк», на 1 студзеня 2026 года дзейсны дазвол на пражыванне ў Літве мела 50 тыс. 286 грамадзян Беларусі. За год колькасць беларусаў – уладальнікаў дакументаў, якія легалізуюць знаходжанне на літоўскай тэрыторыі, скарацілася на 7 тыс. 225 чалавек, або на 12,56%.
вс