У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі паведамілі, што супрацоўнікі ГУБАЗіК пры сілавой падтрымцы атраду спецыяльнага прызначэння «Гром» затрымалі трох жыхароў Магілёва, «прыхільнікаў нацыянал-сацыялістычнай ідэалогіі», паведаміла «Свабода».
Як сказана ў паведамленні МУС, затрыманыя стварылі і адміністравалі Telegram-каналы, якія прапагандавалі і праслаўлялі нацызм.
«Затрыманыя спрабавалі стварыць устойлівую арганізаваную групу, а фінансавую выгаду планавалі атрымліваць за кошт прасоўвання ў сваіх рэсурсах аналагічных суполак з меншай аўдыторыяй», – паведамілі ў МУС.
Сцвярджаецца, што ў месцы іхнага жыхарства знайшлі і сканфіскавалі «нацысцкія сцягі, тэматычную літаратуру, незарэгістраваную сімволіку, інструкцыю ў выбуховай справе і халодную зброю».
Затрыманне праілюстравалі сярод іншага і бел-чырвона-белым сцягам, які вісеў на сцяне ў кватэры аднаго з затрыманых. Іх назвалі паганцамі, якія не паважаюць «традыцыйных каштоўнасцяў».
Суд прызнаў Telegram-каналы затрыманых «экстрэмісцкімі» матэрыяламі. Супраць іх стваральнікаў завялі крымінальную справу за «рэабілітацыю нацызму, адмаўленне генацыду беларускага народу, а таксама стварэнне экстрэмісцкага фармавання». Ім пагражае па 12 гадоў пазбаўлення волі.
аз