Беларуская Служба

Беларус з украінскага палону просіць Лукашэнку і Пуціна дапамагчы

02.02.2026 13:07
Ён адбываў пакаранне ў расійскай калоніі, дзе быў завербаваны і пасля накіраваны на фронт, паведамляе ўкраінскі праект «Хачу жыць».
Руслан Купрацэвічкрыніца: «Хачу жыць»

Беларус з Гомельскай вобласці апынуўся ва ўкраінскім палоне пасля службы ў войску РФ
Руслан Купрацэвіч, ураджэнец Гомельскай вобласці, стаў адным з грамадзян Беларусі, якія апынуліся ў складзе расійскага войска падчас вайны супраць Украіны. Паводле яго слоў, раней ён адбываў пакаранне ў расійскай калоніі, дзе быў завербаваны і пасля накіраваны на фронт, паведамляе ўкраінскі праект «Хачу жыць».

Там звяртаюць увагу, што пры падпісанні кантрактаў расійскія ваенныя структуры, як правіла, не звяртаюць увагі на грамадзянства навабранцаў. У выніку сярод вайскоўцаў аказваюцца і замежнікі, у тым ліку грамадзяне Беларусі.

Цяпер Руслан знаходзіцца ва ўкраінскім палоне. Праз украінскі праект «Хачу жыць», які займаецца пытаннямі ваеннапалонных і дапамагае ахвотным спыніць удзел у баявых дзеяннях, ён запісаў зварот да ўладаў Беларусі і асабіста да Аляксандра Лукашэнкі. У сваёй заяве ён просіць садзейнічання ў вяртанні на радзіму і звароце да расійскага боку з просьбай аб яго вызваленні.

Паводле звестак украінскага праекта, на пачатак 2025 года ў шэрагах расійскай арміі знаходзілася не менш як 742 чалавекі з беларускім грамадзянствам. Сцвярджаецца, што сярод іх ёсць як былыя і дзейныя зняволеныя, так і тыя, хто, па іх словах, апынуўся на службе ў выніку падману або ціску.

Прадстаўнікі ініцыятывы нагадваюць, што грамадзяне Беларусі, якія апынуліся ў складзе расійскіх узброеных сіл і хочуць спыніць удзел у вайне, могуць звярнуцца па кансультацыю і дапамогу праз праект «Хачу жыць».

ав